Філёзаф і мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч абвясьціў 4 лютага галадоўку пратэсту, дамагаючыся зьмены меры стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе, завяршэньня сьледчых дзеяньняў і прызначэньня даты суду. Аднак на працягу 10 апошніх дзён ніякай рэакцыі з боку Сьледчага камітэту і пракуратуры на ўчынак Мацкевіча так і не было. Таксама палітзьняволенага ня змог наведаць пастар, паведамляе DW.
Сваякі і паплечнікі Ўладзімера Мацкевіча гавораць, што, калі сёньня ня будзе прынята ніякіх рашэньняў і ягоных патрабаваньняў ня выканаюць, з аўторка 15 лютага філёзаф плянуе адмовіцца ад вады і перайсьці на сухое галадаваньне. Пазыцыю Мацкевіча, зь ягоных словаў, агучыў у пятніцу 11 лютага і ягоны адвакат.
Прэзыдэнт Асацыяцыі дыетолягаў Украіны, кандыдат мэдыцынскіх навук, кансультант у грамадзкай ахове здароўя Міністэрства здароўя Ўкраіны Алег Швец пракамэнтаваў учынак Мацкевіча:
«Самы галоўны камэнтар адносна такога рашэньня — гэта вельмі небясьпечна і нясе дастаткова рэальныя пагрозы для здароўя і жыцьця ў блізкай і аддаленай пэрспэктыве. Асабліва калі Ўладзімер ужо мае хваробы. Галаданьне прыводзіць да значнай перабудовы абменных працэсаў у арганізьме.
Першыя дні ў здаровых людзей адсутнасьць паступленьня энэргіі і харчовых рэчываў кампэнсуецца іх мабілізацыяй з дэпо. Далей магчымасьці кампэнсацыі высільваюцца, зьяўляецца дэфіцыт энэргіі і ключавых харчовых рэчываў. Назапашваюцца канчатковыя прадукты парушанага мэтабалізму, такія як ацэтон.
Паводле Швяца, сухая галадоўка садзейнічае паскоранаму зьяўленьню ўскладненьняў, бо таксычныя прадукты не выводзяцца з арганізма. Таксама зьяўляецца недастатковасьць многіх органаў і сыстэм.
«Пералік небясьпечных наступстваў сухой галадоўкі можна працягваць вельмі доўга. Акрамя таго, аднаўленьне харчаваньня пасьля працяглага галадаваньня таксама можа мець дастаткова небясьпечныя ўскладненьні», — сьцьвярджае Алег Швец.
65-гадовага Ўладзімера Мацкевіча затрымалі ў жніўні 2021 году. Яго вінавацяць у арганізацыі групавых дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак. Ён сядзіць у СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску.