Цалкам размову з Аляксандрам Шлыкам глядзіце ніжэй у відэафармаце. У інтэрвію прадстаўнік Ціханоўскай заявіў, што аўтары стратэгіі, якая палягае на закрэсьліваньні абодвух варыянтаў адказу ў бюлетэні, каб зрабіць іх несапраўднымі, цудоўна разумеюць, што выбарчыя камісіі паведамяць дадзеныя, якія, хутчэй за ўсё, не адпавядаюць рэальнасьці.
«Таму вельмі важна, каб гэтая рэальнасьць існавала. Калі чалавек не прыходзіць на ўчастак і не аддае свой несапраўдны голас, не пакідае бюлетэнь у скрыні, то гэтаму чалавеку вельмі складана сказаць, што „мой голас быў скрадзены“. У чалавека і не было гэтага голасу, бо ён сядзеў дома», — кажа Шлык.
«Выключна ляяльных людзей уладам знайсьці складана»
Арганізацыі, якія заклікаюць рабіць бюлетэні несапраўднымі, спадзяюцца, што блізкія да рэальнасьці лічбы ім дапамогуць даведацца сумленныя чальцы камісій, зь якімі, як кажа Шлык, ужо наладжаны кантакт.
«Мы ўжо маем кантакт з дастаткова вялікай колькасьцю чальцоў выбарчых камісій. Многія людзі паслухалі наш заклік, каб, калі ім прапануюць стаць чальцамі камісій, пагаджацца і ісьці туды. Я ўпэўнены, што яны будуць нам паведамляць дэталі, як робяцца справы на гэтым так званым рэфэрэндуме. Выключна ляяльных людзей уладам знайсьці складана. Нават самыя правераныя людзі маюць галаву на плячах. У 2020 годзе ня ўсе прыйшлі ў камісіі гатовымі абвяшчаць сумленныя вынікі, а пасьля ў выніку вырашылі гэта зрабіць. Ня думаю, што гэта крытычная маса людзей у камісіях, але даволі шмат»,— кажа Аляксандар Шлык.
Прадстаўнік Офісу Ціханоўскай зьвяртае ўвагу на тое, што выбаркамы ўжо працуюць у напружаным стане. Не заўсёды публікуюцца імёны сяброў выбарчых камісій, а на сайце ЦВК зьяўляецца значна менш пастановаў, чым раней.
«Мы раім людзям станавіцца грамадзянскімі кантралёрамі, а не назіральнікамі»
Зь незалежнымі назіральнікамі на рэфэрэндуме, як кажа Шлык, на гэтым рэфэрэндуме можа быць праблема. Некаторыя людзі пісалі ў чат-боты і цікавіліся, як стаць назіральнікамі. Але тут варта знайсьці балянс паміж фармальнай прысутнасьцю назіральнікаў на ўчастках і іхнай бясьпекай, перакананы прадстаўнік Ціханоўскай у пытаньнях выбараў.
«Кожная асоба, якая спрабуе фармальна зарэгістравацца назіральнікам, падвяргае сябе небясьпецы. Мы раім людзям станавіцца грамадзянскімі кантралёрамі. Яны могуць паведамляць інфармацыю пра парушэньні ў чат-бот супольнасьці „Зубр“, які будзе зьбіраць гэтыя дадзеныя. Можна пісаць і ў чат-бот супольнасьці „Честные люди“. Там нават ёсьць клясыфікацыя парушэньняў, каб было прасьцей паведамляць. Я б параіў таксама зьвяртаць увагу на выбарчыя сьпісы, ці ёсьць там тыя, хто не знаходзяцца ў Беларусі. У нас, па розных ацэнках, каля 500 тысяч беларусаў знаходзяцца за мяжой. А ўчасткі за мяжой гэтым разам ня будуць працаваць. Пытаньне, што будзе з гэтымі людзьмі ў сьпісах», — гаворыць Аляксандар Шлык.
«Вельмі важна, каб прыхільнікі байкоту рэгістраваліся на плятформе „Голас“»
Папулярнай тактыкай на гэтым рэфэрэндуме зьяўляецца байкот. Шлык запэўнівае, што людзі, якія выступаюць за гэтую ідэю, не зьяўляюцца праціўнікамі тактыкі несапраўдных бюлетэняў, паколькі абедзьве зыходзяць ад людзей, якія выступаюць за перамогу дэмакратыі і за сумленныя выбары ў Беларусі.
«Я цудоўна разумею маральную пазыцыю ўсіх тых, хто заклікае да байкоту і ў нейкай ступені падтрымліваю такую маральную пазыцыю. Але як чалавек, які займаецца выбарамі юрыдычна і тэхнічна, я разумею, што галасаваць несапраўднымі бюлетэнямі значна больш эфэктыўна. Для таго, каб прыняць папраўкі на рэфэрэндуме, неабходна, каб за іх прагаласавала больш за палову выбарнікаў, якія ёсьць у сьпісах. Або наадварот, каб іх не прыняць, павінна быць менш за палову. Байкот можа дасягнуць таго ж, але трошкі менш эфэктыўным спосабам», — мяркуе Аляксандар Шлык.
Але ён нагадвае, што прыхільнікі байкоту таксама могуць заявіць пра факт байкатаваньня рэфэрэндуму на плятформе «Голас». Такая тэхнічная магчымасьць там існуе. Паводле Шлыка, вельмі важна, каб прыхільнікі байкоту таксама там рэгістраваліся. Калі яны гэтага ня зробяць, то іх голас ня будзе ўлічаны ані празь бюлетэнь, ані дэмакратычныя сілы ня будуць ведаць іх колькасьць. Больш за тое, плятформа «Голас» будзе прымаць прымаць любыя варыянты ўдзелу, у тым ліку голас за нейкі з варыянтаў Канстытуцыі.
«Але мы не разьлічваем, што атрымаем так шмат здымкаў бюлетэняў, як у 2020 годзе. Мы не ўспрымаем гэты рэфэрэндум як нейкі вырашальны момант, маўляў, пройдзе рэфэрэндум і мы перамаглі дзякуючы нейкай стратэгіі. Не. Гэта доўгая гульня», — сказаў у інтэрвію Свабодзе спэцыяльны прадстаўнік Офісу Сьвятланы Ціханоўскай у пытаньнях выбараў Аляксандар Шлык.