Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лепш бы ён паглядзеў, што робіцца ў менскім аэрапорце, які больш падобны да сьвінарніка». Армянскія дэпутаты абурыліся заявамі Лукашэнкі


Сталіца Армэніі Ерэван
Сталіца Армэніі Ерэван

Словы Аляксандра Лукашэнкі ў інтэрвію расейскаму прапагандысту Ўладзіміру Салаўёву пра далучэньне Армэніі да так званай «саюзнай дзяржавы» выклікалі рэзка адмоўную рэакцыю ў Ерэване.

«Мы перакананыя, што своеасаблівы геапалітычны аналіз прэзыдэнта Беларусі мае на мэце абслугоўваць, у першую чаргу, уласны ўнутрыпалітычны парадак дня і ня мае ніякага дачыненьня да Армэніі і да яе зьнешняй палітыкі», — заявіў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Армэніі Ваан Унаньян, камэнтуючы на просьбу СМІ заяву Лукашэнкі.

Унаньян паведаміў, што ў МЗС Армэніі выклікалі пасла Беларусі Аляксандра Канюка.

Ацэнку выказваньням Лукашэнкі далі і дэпутаты парлямэнту Армэніі.

Дэпутат праўладнай фракцыі «Грамадзянская дамова» Авік Агазар'ян: «Такія людзі, як Лукашэнка і (галоўны рэдактар Russia Today. — РС) Маргарыта Сіманьян, сваёй дзейнасьцю аказваюць мядзьведжую паслугу расейскаму ўраду і расейскай дзяржаве. Перш чым рабіць такія заявы, лепш бы Лукашэнка паглядзеў, што робіцца ў менскім аэрапорце, які больш падобны да сьвінарніка».

Асудзіў заявы Лукашэнкі і іншы дэпутат ад «Грамадзянскай дамовы» Вагаршак Акап'ян, сябра армяна-беларускай міжпарляменцкай камісіі па супрацоўніцтве: «Лідэр адной краіны-партнэра ня мае права выказваць такія думкі пра іншую краіну-партнэра».

Член апазыцыйнай фракцыі «Аястан» Артур Хачатр'ян лічыць, што менавіта палітыка, якая праводзіцца цяперашнім урадам Армэніі, зьяўляецца прычынай таго, што Лукашэнка можа дазваляць сабе «непрымальныя і вульгарныя» заявы.

Ён заявіў, што пасьля вайны 2020 году ў Нагорным Карабаху, якая прывяла да разьмяшчэньня ў рэгіёне расейскіх міратворцаў, улады Армэніі самі перадалі ўсе геапалітычныя пытаньні і клопаты расейцам.

«Калі ў сярэдзіне сьнежня 2020 году азэрбайджанцы ўварваліся ў [нагорна-карабаскія сёлы] Хцаберд і Хін Тагер, — сказаў Хачатр'ян, — мы спыталіся ў тагачаснага прэс-сакратара прэм’ер-міністра, што адбываецца, і яна накіравала нас да расейцаў. Затым азэрбайджанцы ўварваліся ў Армэнію... Калі мы спыталі, што адбываецца, улады сказалі, што расейцы вядуць перамовы з азэрбайджанцамі наконт гэтага... Праўладныя дэпутаты раяць у справе ваеннапалонных зьвяртацца да расейцаў. Гэта значыць, кожны перакладае сваю адказнасьць на іншыя краіны. Гэты ўрад наўмысна панізіў узровень сувэрэнітэту гэтай краіны. Ня дзіва, што Лукашэнка і іншыя, не вагаючыся, карыстаюцца гэтай магчымасьцю».

  • Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію расейскаму журналісту Уладзіміру Салаўёву, які лічыцца рупарам Крамля, закрануў так званую саюзную дзяржаву: «Беларусь ужо там. Мяркую, для Казахстану гэта быў добры ўрок. Калі вы кажаце пра тэрмін у 15 гадоў, упэўнены, што і Ўкраіна будзе там, калі мы не дапусьцім памылак. Ну, а астатнія па пэрымэтры... пасьля завяршэньня абʼяднаньня гэтай магутнасьці або падчас абʼяднаньня. Куды яны падзенуцца? Армэніі дзявацца няма куды... Вы што думаеце, яны камусьці патрэбныя? Яны ўжо ўбачылі, Нікол Ваваевіч (прэм'ер-міністар Армэніі Пашыньян. — РС) гэта ўбачыў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG