Лабковічу блякуюць ліставаньне
Палітзьняволены Ўладзь Лабковіч даслаў ліст зь менскага СІЗА-1 ад 25 студзеня. Ён піша, што сьпіць толькі па дзьве гадзіны на суткі, галава баліць, а лісты не прыходзяць, паведамляюць праваабаронцы.
Уладзімер Лабковіч расказвае, што лісты да яго амаль не даходзяць, хоць і ведае, што яму пішуць родныя, калегі і неабыякавыя людзі.
Таксама Ўладзь піша, што ўжо два тыдні (з 11 студзеня) сьпіць толькі па дзьве гадзіны на суткі, а галава бесьперапынна баліць ужо месяцы тры.
«Лісты не даходзяць зусім. Іншаплянэцяне вырашылі, што я мушу застацца ў гэтай касьмічнай бездані і цемры безь лістоў. Мне трапляе толькі па адным лісьце ад мамы і Ніны [жонкі].
Вось ужо два тыдні [прайшло] з апошняга ліста ад іншых (з 11 студзеня). І вось мы стаім і ўзіраемся ў чорную дзіру і спрабуем дакрычацца. Але ў гэтай дзіры зьнікае ўсё: мары, надзеі, час, цяпло».
Марыя Калесьнікава ўпершыню пазваніла з калёніі бацьку
4 лютага Аляксандар Калесьнікаў змог пагутарыць са сваёй дачкой, піша канал каманды Віктара Бабарыкі.
Калесьнікава кажа, што ў яе ўсё добра, наколькі гэта магчыма ва ўмовах зьняволеньня. Марыя перадае вітаньне камандзе і ўсім беларусам — вельмі сумуе па ўсіх.
У калёніі палітзьняволеная шые летнія курткі з кішэнямі. Мела яна і маленькую радасьць: купіла марозіва ўпершыню з моманту затрыманьня.
Пісаць Калесьнікавай можна па адрасе: 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3, ВК-4, 18 атрад.
Што трэба ведаць пра вырак Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку
Прысуд палізьняволеным Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку вынесьлі 6 верасьня 2021 году. Былых удзельнікаў выбарчага штабу Віктара Бабарыкі і сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады судзілі разам за зачыненымі дзьвярыма. Вырак — 11 гадоў калёніі Калесьнікавай і 10 — Знаку. Судзьдзя Сяргей Епіхаў.
Іх прызналі вінаватымі паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:
- змова з мэтай захопу ўлады;
- заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
- стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраўніцтва ім.
Працэс заняў 17 паседжаньняў.Віны ніхто з палітвязьняў не прызнаў.
Марыя Калесьнікава і Максім Знак далучыліся да выбарчага штабу Віктара Бабарыкі ў траўні 2020-га — амаль адразу пасьля таго, як той абвясьціў пра сваё рашэньне ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Абое сталі тварамі кампаніі нароўні з самім Бабарыкам — зьяўляліся на працэдуры падачы дакумэнтаў аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў ЦВК, падавалі туды сабраныя Бабарыкам подпісы за вылучэньне, актыўна камэнтавалі ход кампаніі і пляны штабу пасьля затрыманьня самога Бабарыкі.
Пасьля стварэньня аб’яднанага штабу і Максім Знак, і Марыя Калесьнікава працягнулі актыўную дзейнасьць у выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай. Пасьля стварэньня Каардынацыйнай рады Знак і Калесьнікава ўвайшлі ў яе прэзыдыюм.