«На гэты момант у нас 272 чалавекі, якія пакінуць краіну, абсалютная большасьць — з кампэнсацыяй 1000 эўра. Адзінкі паляцелі і не атрымалі гэтых выплат», — сказаў намесьнік начальніка літоўскай Службы аховы мяжы Рымантас Пятраўскас.
Паводле яго, абсалютную большасьць мігрантаў складаюць грамадзяне Іраку, некалькі чалавек вяртаюцца ў Расею і Індыю. Мігрантаў перавозяць камэрцыйнымі рэйсамі, яшчэ каля 80 чалавек не пакінулі краіну.
«Яны паляцяць найбліжэйшым часам, таму што рэйсы ў Стамбул выконваюцца шэсьць дзён на тыдзень, а затым іх падзеляць у залежнасьці ад таго, каму і куды трэба. Думаем, што гэтыя людзі вылецяць да сярэдзіны наступнага тыдня», — сказаў службовец.
Службовыя асобы суправаджаюць мігрантаў у Віленскі аэрапорт, да самалёта, дзе ім выдаюць выплату памерам 1000 эўра.
Паводле Пятраўскаса, пасьля памяншэньня выплат з 1000 да 300 эўра з 21 студзеня гэтай магчымасьцю карыстаюцца нямногія.
З пачатку жніўня, калі літоўскія памежнікі атрымалі права не пускаць у краіну замежнікаў зь Беларусі ў забароненых месцах, у Літву не змаглі патрапіць больш за 8,2 тыс. мігрантаў. Праўда, некаторыя мігранты маглі спрабаваць перасячы мяжу некалькі разоў.
Летась у Літву незаконна трапіла амаль 4,2 тыс. мігрантаў, асноўная іх частка перасекла мяжу да жніўня.
Краіны Захаду абвінавачваюць менскі рэжым у арганізацыі плыняў мігрантаў і называюць гэта гібрыднай агрэсіяй.