«Сёньня, з 12:00 да 13:00, на беларуска-польскай мяжы, у пункце пропуску „Казловічы“, адбыўся трагічны выпадак: кіроўца грузавога транспартнага сродку зьдзейсьніў наезд на супрацоўніцу мытных органаў пры выкананьні ёю службовых абавязкаў. Цяпер на месцы здарэньня працуе сьледча-апэратыўная група Сьледчага камітэту», — паведамляе Дзяржаўны мытны камітэт.
Калектыў мытных органаў выказвае спачуваньне родным і блізкім загінулай і абяцае надаць яе сям'і ўсю неабходную дапамогу.
Як пішуць СМІ, загінулая супрацоўніца мытні жыла ў Берасьці, у яе засталося 5-гадовае дзіця. Як стала вядома Свабодзе, кіроўца грузавога аўтамабіля, які ўчыніў наезд, зьяўляецца грамадзянінам Беларусі.
2 лютага ў чарзе на беларуска-польскай мяжы пад Горадняй памёр 37-гадовы кіроўца фуры.
Апошнім часам на мяжы Беларусі з краінамі Эўразьвязу стаяць шматкілямэтровыя чэргі, у пунктах пропуску прастойвюць тысячы вялікагрузаў. Расейская перавозчыкі паскардзілася на доўгія чэргі ў пунктах пропуску на мяжы Беларусі з ЭЗ намесьніку міністра замежных спраў РФ Андрэю Рудэнку. Кіроўцы кажуць, што ім даводзіцца стаяць да тыдня.
Памежны пераход «Брузгі» па-ранейшаму закрыты польскім бокам у сувязі зь мігранцкім крызісам, у якім Варшава абвінавачвае афіцыйны Менск.