Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы антырэкорд: Мінздароўя паведаміла пра 8 231 выпадак COVID-19 за дзень. І зноўку дзіўныя лічбы выпісаных


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

За апошні дзень ў Беларусі зарэгістравалі 8 231 пацыента з COVID-19, паведаміла Міністэрства аховы здароўя. Гэта новы рэкорд з пачатку пандэміі.

Як паведаміла Міністэрства аховы здароўя 5 лютага, за мінулыя суткі ў Беларусі:

  • зафіксавалі 8 231 новы выпадак COVID-19,
  • памерлі 16 чалавек,
  • 1248 пацыентаў выпісалі з мэдычных установаў.

Усяго з пачатку пандэміі ў Беларусі, паводле Мінздароўя, зарэгістравалі 769 076 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19, акрыялі 757 436 пацыентаў, у якіх раней быў пацьверджаны гэты дыягназ.

Праўда, ведамства ўжо другі раз дае незразумелую статыстыку па выпісаных за дзень пацыентах. Калі параўнаць агульную колькасьць выпісаных пацыентаў з пачатку пандэміі за 5 лютага (757 436 чалавек) зь лічбамі за 4 лютага (749 595 чалавек) — атрымліваецца, за апошні дзень павінны былі выпісаць 7841 пацыента, у той час як Мінздароўя паведамляе пра 1248 выпісаных.

Тая ж сытуацыя была ўчора: паводле лічбаў Мінздароўя на 4 лютага, з пачатку пандэміі акрыялі 749 595 пацыентаў, на 3 лютага — 742 762 пацыенты, то бок за дзень павінны былі выпісаць 6833 чалавекі (749 595 — 742 762 = 6833), але Мінздароўя 4 лютага паведаміла, што за дзень выпісаныя 1 114 пацыенты.

За ўвесь час Міністэрства аховы здароўя прызнала, што каранавірус стаў прычынай сьмерці 6 132 чалавекі. Паводле незалежных журналісцкіх расьсьледаваньняў, сапраўдную колькасьць ахвяраў COVID-19 улады Беларусі шматкроць занізілі.

Апошнімі днямі афіцыйная статыстыка па каранавірусе штодня б’е рэкорды. Яшчэ 1 лютага паведамлялася пра 1918 новых выпадкаў COVID-19 у Беларусі за дзень. 2 лютага Мінздароўя паведаміла ўжо пра 3634 новыя выпадкі за дзень, 3 лютага — пра 4990 новых выпадкаў, 4 лютага — пра 7350 выпадкаў.

У Менску і ў рэгіёнах у апошнія дні ў паліклінікі выстраіліся вялізныя чэргі. Пачынаючы з 5 і 6 лютага, прыём пацыентаў у паліклініках Беларусі (уключаючы і агляд дома) будзе весьціся па суботах і нядзелях.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG