Рашэньне прыняло Міністэрства аховы здароўя ў сувязі з ростам колькасьці хворых на COVID-19 і сэзонным уздымам захворваньняў на вострыя рэсьпіраторныя вірусныя інфэкцыі.
«Ва ўсіх рэгіёнах Рэспублікі Беларусь у сувязі з уздымам захворваньня на вострыя рэсьпіраторныя вірусныя інфэкцыі (ВРВІ) і каранавірусную інфэкцыю (COVID-19) прадаўжаецца рэжым работы амбулаторна-паліклінічных устаноў аховы здароўя.
У краіне ідзе рост захваральнасьці на ВРВІ і COVID-19, улічваючы існую сытуацыю, Міністэрства аховы здароўя прадоўжыла рэжым работы ўсяго амбулаторна-паліклінічнага зьвяна на выхадныя дні — суботу і нядзелю».
Пачынаючы з наступных выхадных, 5 і 6 лютага, прыём пацыентаў у паліклініках (уключаючы і агляд дома) будзе весьціся па суботах і нядзелях.
Зьмяненьні будуць дзейнічаць да моманту нармалізацыі эпідэмічнага становішча і ўзроўню захворваньня на ВРВІ і COVID-19 у абласьцях і Менску.
З канца студзеня Міністэрства аховы здароўя фіксуе рэкордныя лічбы хворых на каранавірус. 2 лютага міністэрства зафіксавала абсалютны рэкорд у колькасьці новых выпадкаў COVID-19 ад пачатку пандэміі ў Беларусі. Паводле даных Міністэрства аховы здароўя, за апошнія суткі ў Беларусі зарэгістравалі 3634 новыя выпадкі COVID-19. У Менску і ў рэгіёнах у паліклінікі выстраіліся вялізныя чэргі.