Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2022 год у кнігах. Літаратурны каляндар: люты


Лёнік Тарасэвіч, Карціна бяз назвы
Лёнік Тарасэвіч, Карціна бяз назвы

Беларускі кнігавыдавецкі працэс усё больш пачынае нагадваць шчыгрынавую скуру. Сьціскаюцца пляны. Скарачаюцца фінансавыя магчымасьці. Некаторыя аўтары губляюць творчы імпэт. А кнігі каторых натхнёных не бяруцца пускаць у шырокі сьвет нават самыя сьмелыя выдаўцы.

Люты не абнадзейвае чытачоў багатым выбарам новых кніг. Але мы спадзяемся на часовасьць такой сытуацыі і працягваем наш штомесячны літаратурны каляндар.

Паэзія

Юля Цімафеева. «Воўчыя ягады». Прага, «Вясна».

Гэтая кніга пачынаецца з вымушанага выгнаньня і ў выгнаньні канчаецца. Напэўна, яе можна назваць аўтабіяграфічнай, хаця тут няма ніякіх фактаў. Напэўна, яе можна назваць спавядальнай, хаця тут няма ніякіх прызнаньняў. Яна пра корань, які не спыняе росту. Пра палявую сьцяжыну, што выводзіць у мэгаполіс. Пра каханьне, якое само ёсьць дарогай. Пра мову, якая адначасова робіцца насланьнём і ратаваньнем. Пра ягады даўніх і даўкіх успамінаў, якія нас вабяць, труцяць і лечаць.

Кнігу складаюць выбраныя вершы з трох папярэдніх зборнікаў, а таксама напісаныя ў апошнія гады.

***

Ліст

ты пішаш?
я пішу

пра золата на авальных пальцах акацый
пра шызыя сьпіны руінных яшчарак
пра барсучынае кешканьне ў сутоньні
пра дзятла ранішнія рытуалы
пра тое як асеньнія пчолы гудуць наастачу
над карункавай квеценьню дрэва
чыё імя хоць і жывём мы паблізу
я ня ведаю

пра тое як сыходзяць хваробы
пра тое як вяртаюцца сілы
пра тое як з намі
ўсё будзе добра

але пра тое
як гадавое кольца
сьціскае горла
пра тое як цяжка дыхаецца
ў лядоўні сьлёз
пра тое як усьмешка
даўно адцьвіла
і зморшчылася
ягадай чорнай
я не пішу

ліст у турму
мусіць нагадваць
замову
або малітву
няхай
з намі ўсё будзе добра

Альгерд Бахарэвіч. «Вершы». Прага, «Вясна».

«Верш — гэта раптоўны спохват, зь якім трэба нешта рабіць, інакш — кепска будзе. Дэтэктыў, дзе мне трэба знайсьці забойцу — ідэальную форму. Матэматычная задача для ірацыянала. Вершы я пішу колькі сябе памятаю. Я пісаў іх школьнікам, спрабуючы неяк выявіць у сваіх першых беларускіх словах індустрыйныя краявіды менскай ускраіны, шэрыя пад’езды і ўсю цеснату тагачаснага існаваньня. Я пісаў іх у 90-я, калі разам зь сябрамі-авангардыстамі марыў пра рэвалюцыю ў літаратуры і любіў злаваць старых рэтраградаў. Я пісаў іх, калі працаваў над сваімі раманамі — я ўжыўляў вершы ў „Сабак Эўропы“, рэзаў імі „Белую муху“ і дарыў іх „Дзецям Аліндаркі“. У 2020–21 гадах паэзія дапамагла мне выказаць тое, што балела і пякло. Жах, супраціў, надзею. У гэтай кнізе ўпершыню сабраныя вершы розных гадоў — пра сябе і пра сваё. Для ўсіх і, як і належыць вершам, — для нікога».

Гэтае прызнаньне, безумоўна, не пакіне абыякавымі шматлікіх прыхільнікаў знакамітага празаіка, і яны палюбяць ягоныя вершы з той жа палкай адданасьцю, якой сустракаюць кожную новую кнігу Альгерда Бахарэвіча.

Нон-фікш

«Культавыя і гістарычныя валуны Беларусі». Менск, «Беларуская навука»

Ці ведалі вы, што камяні могуць вандраваць? А ці бачылі, як яны ступаюць сьлед у сьлед за вамі? А мо заўважалі на прыдарожных валунах абліччы людзей і зьвяроў ці абрысы хатаў і абсталюнку ў іх? А ці памятаеце расповеды старых людзей пра тое, якія валуны лепей абыходзіць за вярсту, а да якіх прыпадаць хворым целам і душою? І калі вы ня маеце адказаў на такога кшталту пытаньні пра каменных волатаў, то гэтая кніга акурат для вас.

Адна з аўтарак выданьня Ірына Клімковіч напісала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку: «У кнізе апісаныя больш за 500 камянёў, дадзена іх геалягічныя і этнаграфічныя характарыстыкі. Калі параўноўваць цяперашняе выданьне з выданьнем падобнай кнігі ў 2011 годзе, то там апісаныя каля 360 камянёў, няма каляровых ілюстрацый, падрабязных мапаў і табліцаў разьмяшчэньня камянёў, падзеленых на катэгорыі, згодна з легендамі і паданьнямі. Да і ў самім зьмесьце было менш разьдзелаў. У новай кнізе дадаліся разьдзелы, дзе ёсьць падрабязнае апісаньне камянёў, якія, паводле легендаў, зьяўляюцца акамянелымі хатамі і прадметамі інтэр’еру, таксама апісваюцца асобным разьдзелам камяні паклонныя, лекавыя, цудадзейныя і скарбавыя, асобны разьдзел прысьвечаны ямкавым (лункавым) камяням, валунам са знакамі, надпісамі, малюнкамі, апісваюцца асобна камяні на існуючых некалі сьвяцілішчах».

Дзіцячая літаратура

Іосіф Бродзкі. «Баляда пра маленькі буксір». Пераклад з расейскай Алесі Алейнік. Менск, «Янушкевіч».

Гэта першая беларуская кніга нобэлеўскага ляўрэата Іосіфа Бродзкага. Сымбалічна, што «‎Баляда пра маленькі буксір»‎ была першай публікацыяй знакамітага расейскага і амэрыканскага літаратара ў сябе на радзіме — у далёкім 1962 годзе. У вершы для дзяцей буксір распавядае пра сваё цікавае жыцьцё і прызначэньне.

Кнігу аздобіў мастак Ягор Яшчэня.

Падзеі

12 лютага — Вільня: міжнародная паэтычная вечарына «Вялікае Княства Паэзіі». Арганізатары — Літоўскі, Швэдзкі і Нарвэскі Саюзы пісьменьнікаў, Літоўскі Дом пісьменьніка і Віленскі беларускі музэй імя Луцкевіча.

21 лютага — Дзень роднай мовы. Плянуюцца прыватныя ініцыятывы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG