Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадарка Швайцарыі не ўручала даверчых лістоў Лукашэнку, яна яшчэ не прыехала ў Менск


Сьцяг Швайцарыі ў Жэнэве
Сьцяг Швайцарыі ў Жэнэве

Сёньня ранкам паслы шэрагу краін уручылі даверчыя лісты Аляксандру Лукашэнку. Некаторыя інтэрнэт-рэсурсы паведамілі, што на ўручэньне не прыехала новая амбасадарка Швайцарыі.

Па камэнтар Свабода зьвярнулася ў пасольства Швайцарыі. Там нам паведамілі, што амбасадарка сапраўды не ўручала даверчыя лісты, яшчэ не прыбыла нават у Менск.

«Новы амбасадар Швайцарыі яшчэ не прыбыла ў Беларусь. Па астатніх пытаньнях просім зьвяртацца ў аддзел прэсы МЗС Швайцарыі ў Бэрне», — гаворыцца ў адказе.

Пазьней МЗС Швайцарыі пацьвердзіла Zerkalo.io, што амбасадар краіны прыбудзе ў Беларусь і ўручыць даверчыя граматы Лукашэнку.

«Фэдэральны дэпартамэнт па замежных справах (FDFA) пацьвярджае, што новы амбасадар уручыць даверчыя граматы кіраўніку дзяржавы, як гэта прынята ў дыпляматыі большасьці краін. Швайцарыя не камэнтуе легітымнасьць урадаў, яна толькі прызнае дзяржавы. Таму ўручэньне даверчых грамат не зьяўляецца для Швайцарыі актам прызнаньня.

Паколькі ўстойлівае вырашэньне крызісу ў Беларусі можа быць знойдзена толькі пры ўдзеле ўсіх адпаведных палітычных сілаў, для Швайцарыі было важна заставацца прадстаўленым на самым высокім узроўні», — сказаў афіцыйны прадстаўнік Фэдэральнага дэпартамэнту па замежных справах Швайцарыі Валянцін Кліваз.

Фэдэральны ўрад Швайцарыі прызначыў нядаўна паслом у Менск Крыстынэ Гонэгер Залатухін.

У Швайцарыі пры гэтым ня лічаць будучае ўручэньне даверчых лістоў Лукашэнку прызнаньнем ягонай легітымнасьці, аднак разьлічваюць, што праца пасла ў беларускай сталіцы паспрыяе паляпшэньню ўмоваў для грамадзянкі Швайцарыі Натальлі Хершэ, якая знаходзіцца ў турме пасьля пратэстаў у Менску.

Краіны Захаду не прызнаюць Лукашэнку легітымна абраным прэзыдэнтам, іх амбасадары адмаўляюцца ўручаць яму даверчыя лісты.

Даверчыя лісты Лукашэнку сёньня ўручылі паслы Віетнама, Дамініканы, Лаоса, Марока, Нігерыі, Расеі, Чаду і Шры-Лянкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG