Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праз праблемы з арэндай стадыёну «Крумкачы» вырашылі адмовіцца ад удзелу ў першай лізе


Архіўнае фота. Акцыя салідарнасьці, якую «Крумкачы» зладзілі 1 верасьня 2020 году
Архіўнае фота. Акцыя салідарнасьці, якую «Крумкачы» зладзілі 1 верасьня 2020 году

3 лютага «Крумкачы» адправілі ў Асацыяцыю «Беларуская фэдэрацыя футболу» заяву аб удзеле клюбу ў спаборніцтвах другой лігі.

У заяве, якая зьявілася на афіцыйным сайце клюбу, гаворыцца, што ў міжсэзоньні клюб сутыкнуўся «з праблемамі, вырашыць якія аказалася не па сілах». Галоўная прычына добраахвотнага паніжэньня ў клясе — немагчымасьць дамовіцца аб арэндзе са стадыёнам, які б адпавядаў крытэрам ліцэнзаваньня.

«Больш за тое, мы не змаглі знайсьці нават палі для вучэбна-трэніровачных заняткаў каманды. Менавіта таму затрымалі выхад з адпачынку, не змаглі захаваць хлопцаў зь леташняга складу і трэнэрскі штаб. Усюды, куды б мы не зьвярталіся, атрымлівалі адмову», — гаворыцца ў заяве клюбу.

Яго прадстаўнікі адзначаюць, што пасьля таго, як САК «Алімпійскі» адмовіў ім у працягу дамовы супрацоўніцтва, яны зьвярталіся ў ФК «Мінск», РЦАР-БДУ і стадыён «Азёрны» ў Смалявічах, але паўсюль ім па розных прычынах адмовілі. З улікам абставінаў клюб прыняў рашэньне адмовіцца ад выступу ў першай лізе, а другая ліга «па сутнасьці аматарская і там няма, як у першай, строгіх ліцэнзійных крытэраў, у тым ліку інфраструктурных».

У папярэднім сэзоне «Крумкачы» занялі трэцяе месца ў першай лізе і прайгралі ў стыкавых матчах за права выступаць у мацнейшым дывізіёне. Потым у каманды пачаліся праблемы са стадыёнам для трэніровак і матчаў — САК «Алімпійскі» адмовіў у падаўжэньні арэнды. Паводле інфармацыі футбольных СМІ, з прычыны ўмяшаньня кіраўніка фэдэрацыі Ўладзімера Базанава.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году клюб ня раз выказваў салідарнасьць з тымі, хто пацярпеў ад гвалту. Журналіста і футбаліста «Крумкачоў» Аляксандра Івуліна асудзілі на два гады калёніі.

Склад удзельнікаў другой лігі будзе зацьверджаны на выканкаме фэдэрацыі 1 сакавіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG