Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адных пляменьнікаў мяняюць на іншых». Палітоляг пра кадравыя перастаноўкі ў Казахстане


Нур-Султан
Нур-Султан

Мажыліс парлямэнту Казахстану адмяніў норму аб неабходнасьці ўзгадняць з Нурсултанам Назарбаевым палітычныя ініцыятывы. Такую папраўку на мінулым тыдні ў законапраект унёс сэнат, ніжняя палата зь ёй пагадзілася.

Раней абедзьве палаты таксама ўхвалілі папраўкі, якія адмяняюць права пажыцьцёвага старшынства былога прэзыдэнта ў двух канстытуцыйных органах — Радзе бясьпекі і Асамблеі народу Казахстану.

Нурсултан Назарбаеў пасьля таго, як пайшоў у адстаўку з пасады прэзыдэнта ў 2019 годзе, па-ранейшаму адыгрываў ключавую ролю ў кіраваньні краінай. Ён узначальваў Раду бясьпекі. Гэта працягвалася да студзеньскіх падзеяў. Раду бясьпекі ўзначаліў дзейны прэзыдэнт, а Назарбаеў у сваім відэазвароце заявіў, што знаходзіцца на заслужаным адпачынку.

Пра апошнія падзеі ў Казахстане тэлеканал «Настоящее время» паразмаўляў з палітолягам Віктарам Каўтуноўскім.

— Працэс «дэелбасізацыі» завершаны ці яшчэ працягваецца, як вы думаеце?

— Па-мойму, гэта толькі пачатак. Ёсьць яшчэ шмат спадчыны, якую трэба перагледзець.

— Што яшчэ павінен зрабіць Такаеў, каб гэты працэс завяршыўся?

— Па-першае, яму трэба цалкам узяць пад кантроль выканаўчую ўладу. Пакуль мы бачым толькі пачатак зьмены кадраў. Гэты працэс яшчэ будзе працягвацца, мусіць, некаторы і ня самы кароткі час. Потым патрэбен перагляд тых установак, якія былі пры Назарбаеву, і ў выніку Такаеў павінен растлумачыць нам, што такое новы Казахстан, аб якім ужо нам пасьпяшаліся аб’явіць.

— Вы кажаце, што працэс яшчэ працягваецца, а хіба ня людзі Такаева ўжо сёньня займаюць галоўныя палітычныя пасады? Дапусьцім, сьпікера парлямэнту памяняў, новы прэмʼер-міністар у краіне.

— Хто чый чалавек — гэта пытаньне вельмі субʼектыўнае. Да студзеня яны лічыліся людзьмі аднаго чалавека, пасьля студзеня могуць лічыцца людзьмі іншага чалавека. Але, у прынцыпе, сваёй каманды ў Такаева да гэтага часу ня было. Гэта было вельмі абмежаванае, хіба што, кола асобаў, і цяпер ён вымушаны фармаваць выканаўчую ўладу з таго, што яму дасталася ў спадчыну.

— Можа быць, што ўжо празь нейкі час гэтых людзей, якія цяпер стаяць на кіроўных пасадах, зьменяць іншыя людзі?

— Гэта цяпер вялікае пытаньне, наколькі Такаеў хоча наогул у прынцыпе мяняць уладу. Без кардынальных палітычных зьмен усёй сыстэмы падбору і расстаноўкі кадраў мы атрымаем Назарбаева 2.0. Толькі тады, калі зьменяцца палітычныя ўмовы для фармаваньня кіроўнай клясы, мы зможам гаварыць пра тое, што сапраўды наступаюць нейкія істотныя зьмены. Пакуль мы можам толькі гаварыць аб тым, што адны пляменьнікі мяняюцца на іншых пляменьнікаў.

— Цяпер мы бачым, што Назарбаева пазбаўляюць палітычнага ўплыву ў Казахстане. А ці ўвогуле ёсьць імавернасьць, што рана ці позна Нурсултана Назарбаева і яго набліжаных, сваякоў могуць прыцягнуць нават да адказнасьці, у тым ліку крымінальнай? Хоць цяпер, вядома, пра гэта гаворкі не ідзе, але ж усё можа памяняцца вельмі хутка.

— Усё можа памяняцца. Усё будзе залежаць ад таго, як павядзе сябе Назарбаеў, як павядзе сябе Такаеў, як павядзе сябе наогул у цэлым наша грамадзтва, ці гатова яно будзе мірыцца з такім мірным адыходам кляну Назарбаевых ад улады, ці ж грамадзтва будзе патрабаваць атрыманьня ўрокаў з усёй гэтай трыццацігадовай эпапэі.

— Вы ўжо разумееце, якую палітычную структуру ў дзяржаве выбудоўвае Такаеў? У вас ёсьць уяўленьне, у якім кірунку ён зьбіраецца весьці Казахстан?

— Ён заўсёды гаварыў пра тое, што ён прыхільнік прэзыдэнцкай формы кіраваньня, і гэта яго, у прынцыпе, задавальняе. Але пытаньне ў тым, ці будзе грамадзтва трываць і далей гэтую аўтарытарную прэзыдэнцкую вэртыкаль, ці атрымаецца Такаеву яе захаваць — гэта пытаньне, якое нам усім трэба зразумець і сьведкамі чаго мы будзем у наступны, напэўна, год.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG