Упраўленьне санітарнага нагляду за якасьцю харчовых прадуктаў і мэдыкамэнтаў (FDA) ЗША да 15 лютага мае прыняць рашэньне.
Вакцына прадугледжаная для дзяцей ад 6 месяцаў да 4 гадоў. Яе плянуюць рабіць сэрыяй з трох дозаў, у 10 разоў меншых за колькасьць вакцыны для дзяцей ад 5 да 12 гадоў. Магчыма, FDA дазволіць рабіць прышчэпкі таксама дзецям да 6 месяцаў, паведамляе CNET.
Летась у сьнежні Pfizer абвясьціў, што двухэтапная вакцына эфэктыўная для дзяцей ва ўзросьце ад 6 месяцаў да 2 гадоў, але не спрыяе дастаткова моцнаму імуннаму адказу ў дзяцей ва ўзросце ад 2 да 4 гадоў. Гэта заахвоціла кампанію пачаць тэставаньне трохдозавай вэрсіі вакцыны для дзяцей ва ўзросьце да 5 гадоў.
Летась у кастрычніку дасьледчык Pfizer Аляксандра Гуртман заявіла, што кампанія разглядае бустэр для дзяцей ад 5 да 11 гадоў, які даюць праз паўгода пасьля другой дозы. Цяпер толькі дзеці з 12 гадоў могуць атрымаць бустэр Pfizer.
27 сьнежня ў Беларусі пачалася вакцынацыя ад COVID-19 дзяцей ва ўзросьце ад 12 да 17 гадоў. Вакцынаваць дзіця можна не раней як праз 6 месяцаў пасьля перанесенай ім COVID-19 і пры адсутнасьці супрацьпаказаньняў да вакцынацыі. Дзяцей прышчапляюць кітайскай вакцынай Verо Cell.