Мікалай Брэдзелеў ня выйшаў на волю пасьля адміністрацыйнага арышту
Былы начальнік упраўленьня па грамадзкіх сувязях кампаніі А1 Мікалай Брэдзелеў знаходзіцца ў СІЗА № 1 на Валадарскага. Кампанія не камэнтуе лёс супрацоўніка, піша Zerkalo.io.
Напісаць яму ліст можна на адрас: СІЗА №1, 220030, Менск, вуліца Валадарскага, 2.
Яўгена Афнагеля зьмясьцілі ў штрафны ізалятар і пазбавілі доўгага спатканьня
Актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Яўгена Афнагеля зьмясьцілі ў штрафны ізалятар у наваполацкай калёніі і пазбавілі працяглага спатканьня, паведамляе «Вясна».
19 студзеня Яўгена пакаралі 10 суткамі ШЫЗА, пасьля выхаду ён паведаміў сваякам, што неўзабаве яго зноў зьмесьцяць у ШЫЗА. Прычыны пакараньня невядомыя. Акрамя гэтага, адміністрацыя калёніі пазбавіла Яўгена працяглага спатканьня.
Каардынатара «Эўрапейскай Беларусі» 25 траўня асудзілі на 7 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Напісаць яму ліст можна на адрас: ПК № 1, 211440, г. Наваполацак, вуліца Тэхнічная, 8.
Журналіста Сяргея Сацука ня вызвалілі зь СІЗА пад асабістыя паручальніцтвы
Сьледчы камітэт адмовіў у вызваленьні зьняволенага рэдактара «Ежедневника» Сяргея Сацука зь СІЗА пад асабістыя паручальніцтвы, паведамляе БАЖ. З адпаведным хадайніцтвам у СК зьвярталіся сябры і родныя журналіста, але сёньня атрымалі адмову. Таксама стала вядома, што журналіст папрасіў перадаць на волю пра праблемы з сэрцам, якія абвастрыліся ў яго ў СІЗА.
Рэдактара «Ежедневника» Сяргея Сацука затрымалі 8 сьнежня мінулага году па ранейшай справе аб нібыта атрыманьні хабару. У той дзень дома ў журналіста прайшоў чарговы ператрус, а яго самога зьмясьцілі ў СІЗА. Праваабаронцы прызналі Сяргея Сацука палітычным вязьнем. На дадзены момант у няволі ў Беларусі знаходзяцца 32 прадстаўнікі СМІ.
Напісаць яму ліст можна на адрас: СІЗА №1, 220030, Менск, вуліца Валадарскага, 2.