Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі адмянілі эмбарга на пастаўкі солі і некаторых іншых тавараў з Эўразьвязу і ЗША


Савет міністраў Беларусі пастановай № 51 ад 27 студзеня пашырыў сьпіс краін, пастаўкі шэрагу відаў харчаваньня зь якіх забароненыя ў адказ на санкцыі супраць беларускіх уладаў, і адмяніў прадуктовае эмбарга на некаторыя тавары.

Як вынікае з пастановы, у сьпіс краінаў, зь якіх нельга пастаўляць прадукты харчаваньня, уключаныя Сэрбія і Ліхтэнштэйн. Першапачаткова ў сьпіс былі ўключаны краіны Эўразьвязу, а таксама ЗША, Канада, Нарвэгія, Альбанія, Ісьляндыя, Паўночная Македонія, Вялікая Брытанія, Чарнагорыя і Швайцарыя.

У той жа час зь пераліку забароненых тавараў прыбралі соль, а таксама пазыцыю «іншыя харчовыя прадукты». Згодна з заўвагамі да дакумэнту, са сьпісу выключылі тавары, прызначаныя для вытворчасьці дзіцячага, дашкольнага і школьнага харчаваньня («пры пацьвярджэньні мэтавага прызначэньня тавару, які ўвозіцца»), біялягічна актыўных дабавак да ежы, лекавых прэпаратаў, у тым ліку гамеапатычных, вітамінаў, мінэралаў, вітамінна-мінэральных комплексаў і мэдыцынскіх вырабаў.

Пералік санкцыйных тавараў быў скарочаны менш чым празь месяц пасьля пачатку дзеяньня «контрсанкцый».

Ад 1 студзеня 2022 году Беларусь увяла харчовае эмбарга на ўвоз тавараў з краінаў, якія, паводле ўраду, нібыта рэалізуюць «дыскрымінацыйную палітыку і ажыцьцяўляюць недружалюбныя дзеяньні ў дачыненьні да Беларусі». Рашэньне было прынятае ўсьлед за прыняцьцем Эўразьвязам пятага пакету санкцый па Беларусі, у які ўвайшлі 17 фізычных асобаў і 11 арганізацый (агульная колькасьць фігурантаў дасягнула 183 чалавек і 26 суб’ектаў гаспадараньня). У выпадку «далейшых дэструктыўных дзеяньняў адносна Беларусі» афіцыйны Менск прыгразіў пашырыць пералік забароненых тавараў.

У пераліку 18 пазыцый: мяса буйной рагатай жывёлы, сьвініна, малако і малочная прадукцыя, садавіна, арэхі, каўбасы, кандытарскія вырабы, агародніна і г. д. Згодна са статыстыкай Савету Міністраў, за 2021 год Беларусь паставіла з краін санкцыйнага сьпісу харчовых тавараў на паўмільярда даляраў і пад абмежаваньні трапляюць якраз пазыцыі, якія фармуюць аснову гэтага імпарту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG