Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачалося міжнароднае расьсьледаваньне дзеяньняў трэнэраў бягухі Ціманоўскай


Крысьціна Ціманоўская
Крысьціна Ціманоўская

Дзеяньні трэнэраў бягухі Крысьціны Ціманоўскай Артура Шумака і Юрыя Маісевіча на Алімпійскіх гульнях у Токіё будуць расьсьледаваць на міжнародным узроўні.

Сумесную заяву пра гэта выдалі ў Манака Міжнародны алімпійскі камітэт, Сусьветная лёгкаатлетычная асацыяцыя і Таварыства добрасумленнай атлетыкі.

Расьсьледаваньнем зоймецца Таварыства добрасумленнай атлетыкі, якое дасьледуе пытаньні кшталту ўжываньня допінгу, пры падтрымцы Міжнароднага алімпійскага камітэту. Вынікі апублікуюць.

Юры Маісевіч — галоўны трэнэр нацыянальнай зборнай у лёгкай атлетыцы на Алімпійскіх гульнях у Токіё. Артур Шумак — намесьнік дырэктара Рэспубліканскага цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы. Міжнародны алімпійскі камітэт падчас спаборніцтваў у Токіё пазбавіў іх алімпійскіх акрэдытацый за ціск на Крысьціну Ціманоўскую, якая публічна скрытыкавала кіраўніцтва Міністэрства спорту і турызму Беларусі за прафэсійную некампэтэнтнасьць.

У часе Алімпіяды ў Токіё Крысьціна Ціманоўская скрытыкавала трэнэрскі штаб нацыянальнай зборнай і галіновае ведамства, праз халатнасьць якіх некаторыя спартоўцы ня трапілі ў Токіё. У выніку атлеты мусілі выступаць у неўласьцівых ім дысцыплінах.

Пасьля гэтага прадстаўнікі беларускай місіі паспрабавалі дачасна вывезьці Ціманоўскую дадому, аднак лёгкаатлетка папрасіла заступніцтва Міжнароднага алімпійскага камітэту і ў выніку адмовілася вяртацца ў Беларусь, накіраваўшыся ў Польшчу. Там яна заявіла, што мае намер атрымаць спартовае грамадзянства гэтай краіны.

Чальцоў афіцыйнай дэлегацыі Юрыя Маісевіча і Артура Шумака, якія ціснулі на Крысьціну Ціманоўскую, дачасна пазбавілі алімпійскай акрэдытацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG