«Улічваючы, што ва Ўкраіне нашых салдат няма, а кантынгент, які знаходзіўся ў Польшчы, ужо вярнуўся, я ня ведаю, якіх менавіта вайскоўцаў мае намер вывесьці прэзыдэнт. Яго заява аб карупцыі ва Ўкраіне — гэта ня наша пазыцыя, і я ад імя ўраду прашу прабачэньня перад украінцамі за такія недарэчнасьці», — гаворыцца ў заяве Пленкавіча, разьмешчанай на ўрадавай старонцы ў твітары.
Прэмʼер-міністар Харватыі, палітычны апанэнт Міланавіча Андрэй Пленкавіч, напярэдадні таксама адрэагаваў на выказваньні прэзыдэнта. Па словах Пленкавіча, ён падумаў, што гаворыць які-небудзь расейскі чыноўнік. Як заявіў прэмʼер, «палітыка Харватыі палягае ў зьніжэньні напружанасьці, прадухіленьні канфліктаў і падтрыманьні цэласнасьці Ўкраіны».
25 студзеня прэзыдэнт Харватыі Зоран Міланавіч зрабіў шэраг крытычных заяваў аб Украіне. У прыватнасьці, адказваючы на пытаньне, як Харватыя адрэагуе на магчымае маштабнае ўварваньне расейскіх вайскоўцаў ва Ўкраіну, ён сказаў: «Мы ня маем з гэтым нічога агульнага. Калі будзе эскаляцыя, мы адвядзём (з рэгіёну) апошняга харвацкага салдата». Міланавіч таксама заявіў, што «Ўкраіне ня месца ў NATO», назваў Украіну адной з самых карумпаваных краінаў, а падзеі Майдану назваў «пераваротам».
«Харватыя павінна адысьці ад таго, як ад пажару. Харватыя ня будзе пажарнікам», — заявіў Міланавіч.
Харватыя зьяўляецца парлямэнцкай рэспублікай, у прэзыдэнта няма вялікіх паўнамоцтваў. Аднак ён зьяўляецца галоўнакамандуючым узброенымі сіламі.