Ягоная жонка Мар‘яна некаторы час таму напісала заявы ў Сьледчы камітэт на спатканьне з мужам і ягоную сустрэчу з натарыюсам. Аднак сёньня яна атрымала ад сьледчага ведамства адмову.
«Вярнулася дадому, а ў паштовай скрыні адказ СК. Па абодвух пытаньнях адмова — і на наведваньне натарыюсам, і на спатканьне», — сказала Свабодзе Мар‘яна Грузьдзіловіч.
Паводле яе слоў, у дакумэнтах Алег Грузьдзіловіч фігуруе ў статусе «абвінавачанага».
«Там кажуць, што „з абвінавачаным гр. А. А. у цяперашні час праводзяцца сьледчыя дзеяньні, якія накіраваныя на заканчэньне папярэдняга расьсьледаваньня, і магчымасьці прадстаўленьня дазволу на яго наведваньне няма. Па заканчэньні азнаямленьня з матэрыяламі крымінальнай справы абвінавачаным Вам будзе дадзена спатканьне, аб чым будзеце паведамлены дадаткова праз тэлефон“. Тое ж самае і пра натарыюса, толькі там проста адмова, без усякага дадатковага паведамленьня», — тлумачыць Мар‘яна.
Яна ўдакладніла, што сустрэча з натарыюсам Алегу патрэбная для афармленьня даверанасьці. Зь яе дапамогай Мар’яна змагла б атрымліваць пэнсію мужа.
«Гэта Алег перадаў такое пажаданьне праз адваката пасьля першага допыту, — кажа Мар’яна Грузьдзіловіч. — Таксама нядаўна ў адным лісьце Алег папрасіў мяне „замарозіць“ яго нумар тэлефона, каб ён захаваўся. Я адстаяла чаргу ў А1, і усё дарма — дзяўчына сказала, што гэта зрабіць можа толькі сам уладальнік нумару. А я магла б толькі, калі б мела ад Алега даверанасьць».
Перасьлед Алега Грузьдзіловіча
16 ліпеня 2021 году сілавікі прыбылі ў менскі офіс Радыё Свабода, вырвалі камэры відэаназіраньня на паверсе і выламалі трое дзьвярэй у офісе. Забралі тэхніку. Таксама зь ператрусам прыйшлі да Алега Грузьдзіловіча, якога пазалетась пазбавілі акрэдытацыі МЗС Беларусі. Яго затрымалі і пакаралі арыштам на 10 дзён. Ніякіх абвінавачаньняў тады ня выставілі.
Алега Грузьдзіловіча затрымалі паўторна 23 сьнежня і замянілі яму меру стрыманьня з абавязаньня яўкі на ўтрыманьне пад вартай, перавялі ў СІЗА № 1 Менску на вуліцы Валадарскага. 28 сьнежня прайшоў першы допыт Грузьдзіловіча. Сьледчыя выставілі яму абвінавачаньне паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.