Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША чатырох беларускіх чыноўнікаў абвінавацілі ў авіяцыйным пірацтве — за пасадку Ryanair


Самалёт Ryanair пасьля незаплянаванай пасадкі ў Менску 23 траўня 2021 года
Самалёт Ryanair пасьля незаплянаванай пасадкі ў Менску 23 траўня 2021 года

У ЗША выставілі завочныя абвінавачаньні кіраўніку «Белаэранавігацыі» Леаніду Чуро, ягонаму намесьніку Алегу Казючыцу і двум супрацоўнікам КДБ у змове з мэтай зьдзяйсьненьня авіяцыйнага пірацтва — вынік леташняга інцыдэнту з пасадкай пасажырскага самалёта RyanAir у Менску. Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні Міністэрства юстыцыі ЗША.

Абвінаваўчае заключэньне супраць чатырох грамадзянаў Беларусі, якім пагражае ад 20 гадоў пазбаўленьня волі да пажыцьцёвага зьняволеньня, пададзена ў Фэдэральны акруговы суд Паўднёвай акругі Нью-Ёрку 20 студзеня.

Мінюст ЗША прыйшоў да высновы, што беларускія чыноўнікі выкарысталі фальшывае паведамленьне пра бомбу на борце для таго, каб змусіць прызямліцца ў Менску самалёт, на якім сярод іншых пасажыраў знаходзіліся чацьвёра грамадзянаў ЗША. Паводле абвінаваўцаў, гэта было неабходна для арышту апазыцыйнага блогера Рамана Пратасевіча, былога галоўнага рэдактара тэлеграм-канала Nexta.

«З моманту зьяўленьня лятальных апаратаў краіны ўсяго сьвету супрацоўнічаюць для забесьпячэньні бясьпекі пасажырскіх самалётаў. Абвінавачаныя парушылі гэтыя стандарты, перанакіраваўшы самалёт для дасягненьня неправамернай мэты падаўленьня іншадумства і свабоды слова, — пракамэнтаваў пракурор Злучаных Штатаў у Паўднёвай акрузе Нью-Ёрку Дамьен Уільямс. — Дзякуючы надзвычайнай працы сумеснай групы сьледчых ФБР па барацьбе з тэрарызмам і контравыведкі, сёньняшняе абвінаваўчае заключэньне дае хуткае і публічнае тлумачэньне таго, што насамрэч адбылося з рэйсам. Мы імкнемся прыцягнуць да адказнасьці гэтых галоўных удзельнікаў шакавальнай змовы з мэтай зьдзяйсьненьня пірацтва на паветраным судне, якая ня толькі парушыла міжнародныя нормы і крымінальнае заканадаўства ЗША, але і паставіла пад патэнцыйную пагрозу жыцьці чатырох грамадзян ЗША і дзясяткаў іншых нявінных пасажыраў, якія знаходзіліся на борце».

Паводле кіраўніка нью-ёрскага офісу ФБР Майкла Дрыскала, «абвінавачаныя ажыцьцявілі старанна распрацаваную схему інсцэніроўкі пагрозы выбуху, якая прымусіла самалёт зьдзейсьніць экстраную пасадку ў іх краіне, каб яны маглі арыштаваць журналіста-дысідэнта».

«Падчас нашага расьсьледаваньня ФБР выявіла дэталёвую апэрацыю, у выніку якой пасажыры з многіх краін, уключна з ЗША, зазналі рэальную тэрарыстычную пагрозу. Тое, што адбылося, ёсьць ня толькі безразважным парушэньнем амэрыканскага заканадаўства, але і вельмі небясьпечна для бясьпекі ўсіх, хто карыстаецца авіяпералётамі», — сказаў Дрыскал.

У тлумачэньні Мінюстыцыі ЗША адзначаецца, што беларускія дзяржаўныя органы «сфабрыкавалі пагрозу для ажыцьцяўленьня кантролю над рэйсам і прымусу яго адхіліцца ад курсу да першапачатковага пункта прызначэньня — Вільні, і замест гэтага прызямліцца ў Менску». Паводле дакумэнта, мэтай змовы быў арышт апазыцыйнага блогера і актывіста Рамана Пратасевіча і ягонай дзяўчыны Соф’і Сапегі.

«Змова беларускага ўрада з мэтай перанакіраваньня рэйса была ажыцьцёўлена, у прыватнасьці, супрацоўнікамі беларускіх дзяржаўных службаў бясьпекі, якія працавалі ў каардынацыі з высокапастаўленымі чыноўнікамі беларускага дзяржаўнага ўпраўленьня аэранавігацыі», — гаворыцца ў заяве Міністэрства юстыцыі ЗША.

Паводле абвінавачаньня, кіраўнік «Белаэранавігацыі» Леанід Чуро «асабіста перадаў ілжывую пагрозу выбуху супрацоўнікам менскага цэнтру кіраваньня паветраным рухам яшчэ да таго, як рэйс вылецеў з Атэнаў, і даў указаньне менскаму цэнтру кіраваньня паветраным рухам скіраваць рэйс у Менск у адказ на ўяўную пагрозу».

Леанід Чуро
Леанід Чуро

Ягоны намесьнік Алег Казючыц адказваў за «фальсыфікацыю справаздачы аб інцыдэнтах, зьвязаных з перанакіраваньнем рэйса, каб схаваць фабрыкацыю пагрозы выбуху».

У абвінавачаньні фігуруюць і два супрацоўнікі КДБ Беларусі — Андрэй Анатольевіч (бяз прозьвішча) і яго безыменны калега. Апошні ўдзельнічаў разам з Чуро ў перадачы ілжывай пагрозы выбуху на менскую вежу кіраваньня паветраным рухам, асабіста кіраваў радыёперамовамі зь менскай вежы, каб прымусіць рэйс скіравацца ў Менск, і перадаваў бягучую інфармацыю аб адхіленьні рэйса і ходзе змовы Андрэю Анатольевічу.

Летась у жніўні прозьвішча Леаніда Чуро ўжо фігуравала ў сьпісе амэрыканскіх санкцый, уведзеных супраць афіцыйнага Менску.

Бок абвінавачаньня прадстаўляюць

  • пракурор Злучаных Штатаў у Паўднёвай акрузе Нью-Ёрку Дамьен Уільямс,
  • памочнік генэральнага пракурора па нацыянальнай бясьпецы Мэт’ю Олсэн,
  • памочнік генэральнага пракурора з крымінальнага аддзела Міністэрства юстыцыі Кэнэт Полайт,
  • кіраўнік нью-ёрскага офісу ФБР Майкал Дрыскал,
  • камісар Дэпартамэнта паліцыі Нью-Ёрку Кічант Сьюэл.

Інцыдэнт з самалётам Ryanair, затрыманьне блогера Пратасевіча і рэакцыя ў сьвеце. Сьцісла

  • 23 траўня прыкладна пасьля 14:00 беларускага часу ў прэс-службе Менскага аэрапорту заявілі пра тэрміновую пасадку самалёта Ryanair, які рухаўся маршрутам Атэны — Вільня.
  • Паводле FlightRadar, самалёт праляцеў амаль над усёй тэрыторыяй заходняй часткі Беларусі і недалёка ад мяжы зь Літвой павярнуў у бок Менску.
  • Згодна з інфармацыяй прэс-службы аэрапорту, пілёты паведамілі пра мінаваньне. Самалёт пасьпяхова прызямліўся. Сьледчы камітэт Беларусі пачаў крымінальную справу за заведама ілжывае паведамленьне пра небясьпеку.
  • Апэратар міжнародных аэрапортаў Літвы паведаміў, што самалёт зьдзейсьніў тэрміновую пасадку з прычыны канфлікту паміж пасажырам і адным з чальцоў экіпажу.
  • Пазьней Ryanair заявіла, што атрымала наказ пасадзіць лайнэр у Менску ад беларускіх дыспэтчараў. У прэс-службе Нацыянальнага аэрапорту Менск пацьвердзілі, што пра пагрозу на борце экіпажу Ryanair паведаміла «Белаэранавігацыя».
  • На распараджэньне Аляксандра Лукашэнкі дзеля суправаджэньня самалёта ў неба паднялі вайсковы зьнішчальнік МіГ-29. Пазьней галоўная дарадца прэзыдэнта Літвы ў замежнай палітыцы паведаміла, што беларускія ўлады таксама паднялі гелікоптэр Мі-24.
  • У Менскім аэрапорце паведамілі, што на борце знаходзіліся 123 пасажыры. Пазьней стала вядома, што было яшчэ некалькі пасажыраў, якія пасьля экстранай пасадкі засталіся ў Беларусі і не паляцелі далей у Вільню.
  • Сярод пасажыраў самалёта быў блогер, аўтар тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» і былы галоўны рэдактар каналаў Nexta Раман Пратасевіч, якога ўлады Беларусі ўнесьлі ў «сьпіс тэрарыстаў» за «арганізацыю масавых беспарадкаў».
  • Пратасевіча, які пісаў пра меркаванае сачэньне за ім у аэрапорце Атэнаў, затрымалі ў Менску.
  • У МЗС Літвы выклікалі часовага паверанага ў справах Беларусі ў Літве. Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што самалёт прымусілі да пасадкі ў Менску.
  • Дзеяньні ўладаў Беларусі асудзілі многія эўрапейскія лідэры, прыгразілі сур’ёзнымі наступствамі.
  • Пасьля больш як 7 гадзінаў чаканьня каля 20:17 самалёт вылецеў зь Менску ў Вільню і каля 21:30 прызямліўся ў Вільні.
  • Разам з Пратасевічам у Менску затрымалі ягоную дзяўчыну, грамадзянку Расеі.
  • 24 траўня саміт Эўразьвязу запатрабаваў новых эканамічных санкцый супраць уладаў Беларусі і забароны палётаў
  • Увечары 24 траўня дзяржаўныя тэлеканалы Беларусі паказалі Рамана Пратасевіча, які кажа пра сваю віну ў арганізацыі масавых акцый у Менску. Сваякі і сябры журналіста адразу зьвярнулі ўвагу на сінякі на яго твары і неўласьцівую інтанацыю, што можа сьведчыць пра магчымыя доўгія катаваньні.
  • Шэраг дзяржаў і авіякампаній забаранілі палёты ў Беларусь і ў беларускай паветранай прасторы пасьля захопу Рамана Пратасевіча. Яны заяўляюць, што падобныя захады прымаюцца дзеля бясьпекі ўласных грамадзян.
  • 28 траўня Пратасевіча зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. Таксама там знаходзіцца і дзяўчына журналіста Соф’я Сапега, якую абвінавачваюць у «распальваньні варожасьці». Адвакат толькі на пяты дзень здолела трапіць да Рамана. Зь яе ўзялі падпіску аб неразгалошваньні дэталяў.
  • Таксама 28 траўня генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў пра магчымую датычнасьць Масквы да згону самалёту. 31 траўня Паўночнаатлянтычны альянс абмежаваў доступ у сваю штаб-кватэру ў Брусэлі 5 акрэдытаваным беларускім дыпляматам.
  • Міжнародная арганізацыя цывільнай авіяцыі (ICAO) заявіла пра пачатак уласнага расьсьледаваньня інцыдэнту.
  • 29 траўня ЗША прыпынілі пагадненьне пра авіязносіны зь Беларусьсю і заявілі пра падрыхтоўку новых санкцый супраць Лукашэнкі і ягонага атачэньня.
  • Паштовы сэрвіс Proton зьняпраўдзіў вэрсію, высунутую афіцыйным Менскам аб лістах з інфармацыяй пра ілжывае мініраваньне, якія нібыта даслалі са швэйцарскіх сэрвэраў у некалькі аэрапортаў. Ліст быў толькі адзін. Раней сваю датычнасьць да пагроз выбуху абверг палестынскі блёк ХАМАС, а СМІ высьветлілі, што ліст з пагрозамі прыйшоў толькі праз 24 хвіліны пасьля папярэджаньня дыспэтчара.
  • Пасьля шэрагу забарон колькасьць палётаў «Белавія» за тыдзень упала адразу на 80,5%. Дзяржаўная кампанія-манапаліст на рынку авіяперавозак імкнецца заняць рэзкі недахоп новымі рэйсамі ў Расею.
  • 4 чэрвеня Эўрапейскі зьвяз забараніў палёты ў паветранай прасторы ЭЗ а таксама доступ да аэрапортаў ЭЗ усім беларускіх авіякампаніям.
  • У пачатку чэрвеня дзяржаўны тэлеканал АНТ паказаў Рамана Пратасевіча ў праграме начальніка каналу Марата Маркава, якая называецца «Марков. Ничего личного». Радыё Свабода не публікуе фрагмэнты з гэтага інтэрвію, бо невядома, пры якіх абставінах запісвалася гутарка і ці мог Пратасевіч адмовіцца адказваць на пытаньні, якія яму задалі. Экспэрты гавораць пра высокі ўзровень стрэсу блогера, страху і магчымым ціску, а паплечнікі і родныя лічаць, што «інтэрвію» запісана пад катаваньнямі або пагрозай катаваньняў.
  • 8 чэрвеня, праз 11 дзён адсутнасьці, да Пратасевіча пусьцілі адваката Інэсу Аленскую. Над ім праводзілі сьледчыя дзеяньні, падчас якіх 7 гадзін не адпускалі нават у прыбіральню. Раман за кратамі перахварэў на танзыліт.
  • 14 чэрвеня Пратасевіча прывялі на сустрэчу МЗС Беларусі з журналістамі. Многія журналісты заявілі, што ня вераць таму, што Пратасевіч прамаўляе свае словы добраахвотна. Журналіст BBC Джон Фішэр пакінуў залю, напісаўшы, што затрыманы відавочна будзе гаварыць пад прымусам, а журналістка БелаПАН Тацяна Каравянкова заявіла, што ня верыць нічому з сказанага, і выказала спачуваньне вязьню.
  • 15 чэрвеня дырэктар Ryanair расказаў, як улады Беларусі ціснулі на капітана самалёта і экіпаж.
  • 16 чэрвеня расейскія СМІ паведамілі аб тым, што «Генэральная пракуратура ЛНР» падзякавала Лукашэнку за магчымасьць правядзеньня сьледчых дзеяньняў з Раманам Пратасевічам". Украіна ў адказ на гэта заявіла, што гэта інтрыгі Крамля, паколькі «фактычны кантроль на часова акупаваных тэрыторыях ажыцьцяўляе акупацыйная адміністрацыя РФ». Міністэрства замежных справаў Украіны запатрабавала ад уладаў Беларусі пракамэнтаваць інфармацыю пра візыт у Менск так званай «пракуратуры» самаабвешчанай рэспублікі.
  • 25 чэрвеня Рамана Пратасевіча і Софʼю Сапегу перавялі пад хатні арышт.
  • 17 студзеня 2022 году ІCАО накіравала ўладам усіх краін-удзельніц арганізацыі справаздачу пра інцыдэнт пасьля некалькіх пераносаў тэрміну.
  • Тэкст справаздачы зьмясьціўся на 30 старонках. Сярод іншага, яна ўключае расшыфроўкі перамоваў экіпажу самалёта з дыспэтчарамі і схему палёту самалёта над Беларусьсю з аналізам адлегласьці паміж пасажырскім лайнэрам і зьнішчальнікам ВПС Беларусі.
  • «Улады Беларусі не прадставілі неабходнай інфармацыі», — гаворыцца ў справаздачы расьсьледаваньня ІCАО пра пасадку Ryanair у Менску.
  • 20 студзеня ў ЗША выставілі завочныя абвінавачаньні кіраўніку «Белаэранавігацыі» Леаніду Чуро, ягонаму намесьніку Алегу Казючыцу і двум супрацоўнікам КДБ у змове з мэтай зьдзяйсьненьня авіяцыйнага пірацтва. Абвінаваўчае заключэньне пададзена ў Фэдэральны акруговы суд Паўднёвай акругі Нью-Ёрку. Паводле яго, пагражае ад 20 гадоў пазбаўленьня волі да пажыцьцёвага зьняволеньня.
  • Мін'юст ЗША прыйшоў да высновы, што беларускія чыноўнікі выкарысталі фальшывае паведамленьне пра бомбу на борце для таго, каб змусіць прызямліцца ў Менску самалёт, на якім сярод іншых пасажыраў знаходзіліся чацьвёра грамадзянаў ЗША. Паводле абвінаваўцаў, гэта было неабходна для арышту апазыцыйнага блогера Рамана Пратасевіча.
  • Прадстаўнік «Белаэранавігацыі» Алег Казючыц заявіў у адказ, што выстаўленьне амэрыканскімі пракурорамі абвінавачаньня ў паветраным пірацтве супраць кіраўнікоў іх прадпрыемства можа быць інструмэнтам ціску або правакацыяй перад пасяджэньнем ICAO, на якім будзе разглядацца даклад аб інцыдэнце з рэйсам Ryanair Афіны — Вільня.
  • 20 ліпеня ICAO апублікавала афіцыйную справаздачу пра здарэньне, у якім заявіла, што беларуская вэрсія падзей не атрымала ніякага пацьверджаньня, відэа- і аўдыязапісы карэктаваліся і выдаляліся, а расшыфроўка размоў паказала, што дыспэтчару каманды да экіпажу самалёта дыктавалі спэцслужбы. Мінаваньне самалёта было ілжывым.
  • У канцы кастрычніка 2022 з расшыфроўкі новых паказаньняў менскага авіядыспэтчара Алега Галегава стала вядома, што пры перамовах з экіпажам самалёта ў памяшканьні знаходзіўся ня толькі супрацоўнік КДБ, але і гендырэктар «Белаэранавігацыі» Леанід Чуро, супраць якога ў ЗША яшчэ раней выставілі абвінавачаньне. Яны падышлі да дзяжурнага, які потым паведаміў дыспэтчару і яшчэ аднаму калегу аб пасажырскім самалёце Ryanair, які зьбіраўся ўвайсьці ў паветраную прастору Беларусі з боку Ўкраіны. Дзяжурны згадаў пра нібыта пагрозу выбуху супраць рэйсу і пра тое, што самалёт трэба накіраваць, але адгаварыў дыспэтчара інфармаваць Львоўскі дыспэтчарскі цэнтар у суседняй Украіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG