Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску пачаўся суд над бізнэсоўцам Аляксандрам Васілевічам. Працэс зрабілі закрытым


Аляксандар Васілевіч, архіўнае фота
Аляксандар Васілевіч, архіўнае фота

24 студзеня ў судзе Савецкага раёну Менску пачаўся суд над бізнэсоўцам Аляксандрам Васілевічам.

Яго абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Ухіленьне ад выплаты падаткаў, збораў»).

Судзьдзя — Марына Фёдарава. Яна вырашыла, што суд будзе закрытым.

Аляксандар Васілевіч — сузаснавальнік вядомых онлайн-выданьняў kyky.org і «The Village Беларусь», а таксама ўладальнік агенцтва Vondel/Hepta і былы ўладальнік прасторы «Галерэя Ў».

28 ліпеня 2020 году Васілевіча затрымалі міліцыянты ў будынку КДБ, куды ён разам зь іншымі грамадзянамі прынёс хадайніцтва аб зьмене меры стрыманьня кандыдату ў прэзыдэнты Віктару Бабарыку. Яго асудзілі на 14 дзён арышту за ўдзел нібыта ў несанкцыянаваным сходзе.

28 жніўня 2020 году Васілевіча зноў затрымалі, гэтым разам прадстаўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю.

4 верасьня 2020 году Васілевічу выставілі абвінавачаньне паводле Крымінальнага кодэксу. Дакладны склад і колькасьць артыкулаў абвінавачаньня былі невядомыя да суду з прычыны падпіскі аб невыдаваньні матэрыялаў сьледзтва. У якасьці падазраванай у крымінальнай справе лічыцца і ягоная жонка Надзея Зелянкова.

Увесь гэты час Васілевіча ўтрымлівалі ў менскім СІЗА № 1. Там яго прызналі «схільным да экстрэмізму» і паставілі на прафіляктычны ўлік. Яму шмат разоў падаўжалі тэрмін утрыманьня пад вартай. 7 верасьня 2020 году праваабаронцы прызналі Аляксандра Васілевіча палітычным зьняволеным.

Акрамя бізнэсу, Аляксандар Васілевіч займаецца яшчэ і пісьменьніцкай дзейнасьцю. Пакуль Аляксандар быў пад вартай, 2 сьнежня 2020 году ў яго нарадзілася дачка Ўршуля. Для яе і першай дачкі Адэлі палітзьняволены піша і дасылае казкі. Дзевяць зь іх жонка Надзея Зелянкова выклала ў інтэрнэце электроннай кніжкай пад назвай «Папа и пингвин».

У лістападзе 2021 году Радыё Свабода і Беларускі ПЭН-цэнтар прысудзілі Васілевічу прэмію імя Францішка Аляхновіча, якая ўручаецца за літаратуру, што базуецца на асабістым турэмным досьведзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG