Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Служба бясьпекі Ўкраіны адрэагавала на заяву Лукашэнкі: «Фэйк і маніпуляцыі»


Украінскія памежнікі на мяжы зь Беларусьсю, 12 лістапада 2021
Украінскія памежнікі на мяжы зь Беларусьсю, 12 лістапада 2021

У Службе бясьпекі Ўкраіны назвалі заяву Аляксандра Лукашэнкі пра нібыта сьцягваньне ўкраінскіх войскаў на мяжу зь Беларусьсю «часткай інфармацыйнай вайны».

«Маніпулятыўныя заявы пракрамлёўскіх палітыкаў і прадстаўнікоў дзяржаў-сатэлітаў Расейскай Фэдэрацыі пра нібыта нарошчваньне Ўкраінай паблізу ўласных межаў „нацыяналістаў-радыкалаў“, якія нібыта „похлеще, чем натовские военнослужащие“, не адпавядаюць рэчаіснасьці і ёсьць палітычнай маніпуляцыяй і часткай інфармацыйнай вайны супраць Украіны», — сказаў Свабодзе начальнік упраўленьня СБУ па ўзаемадзеяньні з сродкамі масавай інфармацыі і грамадзкасьцю Арцём Дзехцярэнка.

Арцём Дзехцярэнка падкрэсьліў, што СБУ, Міністэрства абароны, Узброеныя сілы Ўкраіны і іншыя органы дзяржаўнай улады робяць усё, каб каб не дапусьціць дэстабілізацыі сытуацыі ў дзяржаве, у тым ліку ў інфармацыйнай сфэры.

«Заклікаем украінскія і міжнародныя СМІ старанна правяраць такую інфармацыю, каб не спрыяць рэалізацыі варожых спэцыяльных інфармацыйных апэрацый. Разам мы зможам супрацьдзейнічаць шкодным інфармацыйным уплывам гібрыднай вайны», — падкрэсьліў начальнік упраўленьня СБУ па ўзаемадзеяньні з сродкамі масавай інфармацыі і грамадзкасьцю Арцём Дзехцярэнка.

Аляксандар Лукашэнка 17 студзеня заявіў пра задуму сумесных з Расеяй вучэньняў і расказаў пра «10 тысяч амэрыканцаў на межах». Асобна ён дадаў, што яго насьцярожвае абстаноўка і на «паўднёвых рубяжах», дзе з боку Ўкраіны ідзе нарошчваньне вайсковага кантынгенту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG