Па словах Пяскова, падобны захад параўнальны з разрывам адносін.
Само зьяўленьне новага законапраекту аб санкцыях, які напярэдадні быў прадстаўлены дэмакратамі ў Сэнаце ЗША, Пяскоў ацаніў «вельмі нэгатыўна», асабліва на фоне перамоваў паміж Расеяй і краінамі Захаду, якія прайшлі на гэтым тыдні. Пры гэтым самі перамовы прэс-сакратар Пуціна назваў «няўдалымі».
Законапраект аб санкцыях унесла ў сераду група сэнатараў на чале з дэмакратам Робэртам Мэнэндэсам, які ўзначальвае камітэт міжнародных спраў.
У выпадку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну сэнатары прапануюць забараніць Пуціну ўезд у ЗША і замарозіць ягоныя гіпатэтычныя амэрыканскія актывы. Такія ж абмежаваньні будуць ужытыя да кіраўніка ўраду, кіраўніка МЗС і міністра абароны Расеі, а таксама ўсіх, каго Вашынгтон палічыць датычнымі да ваеннага ўварваньня. Санкцыі таксама прапануецца ўвесьці ў адносінах да сваякоў расейскага прэзыдэнта і блізкіх да яго бізнэсоўцаў.
У дакумэнце прапісана, што на працягу 30 дзён пасьля меркаванага нападу Расеі на Ўкраіну прэзыдэнт ЗША павінен будзе ўвесьці санкцыі супраць сама меней трох буйных расейскіх банкаў. Пад абмежаваньні таксама можа падпасьці расейскі замежны доўг і газаправод «Паўночны паток – 2». Такім чынам, санкцыі супраць Пуціна выразна ўвязаныя з канкрэтнымі дзеяньнямі расейскіх уладаў.
Раней словы аб магчымым поўным разрыве адносін з ЗША ў выпадку ўвядзеньня новых санкцый гучалі — як паведаміў Крэмль — з вуснаў самога Пуціна ў тэлефоннай размове з прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам 30 сьнежня мінулага года.