Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Яўген Цітоў, якога пакаралі за сарваны дзяржаўны сьцяг, выйшаў на волю; Эміля Гусейнава зьмясьцілі ў ПКТ

абноўлена

Сьледчы ізалятар №1 ГУУС Менску, архіўнае фота
Сьледчы ізалятар №1 ГУУС Менску, архіўнае фота

На 12 студзеня ў Беларусі палітвязьнямі прызнаныя 974 чалавекі.

12 студзеня ў палітзьняволенага жыхара Жлобіна Яўгена Цітова скончыўся тэрмін адбыцьця пакараньня і ён выйшаў на волю, паведамляе «Вясна».

Яўгена Цітова асудзілі паводле арт. 370 КК (апаганьваньне дзяржаўнай сымболікі) за сарваны дзяржаўны сьцяг на адзін год «хіміі». Пакараньне Цітоў адбываў у папраўчай установе № 49 у Шклове.

На палітвязьня Эміля Гусейнава ціснуць у калёніі

Да 4 лютага яго будуць утрымліваць у ПКТ. У сваіх лістах на волю Эміль Гусейнаў піша пра ціск з боку адміністрацыі папраўчай калёніі № 15. Ён расказаў, што ў лістападзе яго трымалі ў ШЫЗА 30 дзён. Потым яго зьмясьцілі ў ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу). А ў сьнежні яго зноў пакаралі 10 суткамі ў штрафным ізалятары. Пры гэтым тэрмін ШЫЗА не залічваецца ў тэрмін ПКТ, піша «Вясна».

У памяшканьні камэрнага тыпу Эміль будзе знаходзіцца да 4 лютага 2022 году. У гэты пэрыяд яму забаронена атрымліваць пасылкі і перадачы, мець званкі і спатканьні з роднымі.

Гусейнава абвінавацілі адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч. 2 арт. 293, ч.1 арт. 342, ч.1 арт. 363. Крымінальную справу супраць палітвязьня пачалі за падзеі 23 верасьня 2020 году, калі ў Менску прайшла тайная «інаўгурацыя» Лукашэнкі. Эмілю прысудзілі 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Лісты ў ПКТ не забароненыя, пісаць Эмілю Гусейнаву можна на адрас: ПК № 15, 213105, г. Магілёў, п/а Вейна, Слаўгарадзкая шаша 183.

«Мне пастаянна трэба нешта рабіць». Маці журналісткі Дар’і Чульцовай атрымала ліст ад дачкі

Маці зьняволенай журналісткі «Белсату» Дар’і Чульцовай атрымала сьвежы ліст ад дачкі і падзялілася ім, а таксама выразаным з газэты фатаздымкам, на якім ёсьць Дар’я, у Фэйсбуку.

У калёніі, дзе Дар’я адбывае пакараньне, ладзілі сьвята пад назваю «Каралева-восень», і журналістка таксама брала ў ім удзел.

«У мяне ўсё добра. У мяне ў жыцьці заўжды было адчуваньне, што мне абавязкова трэба нешта рабіць. Калі я брала выходны на працы, мне было няўтульна, што я не працую. Тут тое ж самае адчуваньне, што мне пастаянна трэба нешта рабіць. Адказваць на лісты людзей, напрыклад, калі я гэтага не раблю, мяне грызе сумленьне. Маляваць штосьці для кагосьці, напісаць нешта і г.д., і да т. п. Заўжды ў нейкай паніцы нібы. Цяпер імкнуся адагнаць ад сябе гэта. Я ж у турме, я маю права расслабіцца, ха-ха. Ня ведаю, ці разумееш ты мяне, ці не, ці было ў цябе такое. Агулам, імкнуся праводзіць з сабой (і над сабой) псыхалягічную працу 😊», — піша Дар’я Чульцова маці.

Журналісткі «Белсату» Дар'я Чульцова і Кацярына Андрэева за кратамі ўжо 423 дні. Іх затрымалі 15 лістапада 2020 году падчас жывой трансьляцыі з акцыі памяці загінулага беларускага актывіста Рамана Бандарэнкі. Паводле вэрсіі сьледзтва, з прычыны стрыму, які журналісткі вялі з аднаго з суседніх высотных будынкаў, быў спынены рух 13 аўтобусных маршрутаў, трох тралейбусных і трох трамвайных. Журналісткам прысудзілі 2 гады пазбаўленьня волі паводле абвінавачаньня ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх».

«Як заўсёды бадзёрая, з чырвонай памадай». Адвакат Марыі Калесьнікавай расказаў, як наведаў яе ў калёніі

Адвакат Марыі Калесьнікавай Уладзімер Пыльчанка наведаў яе ў гомельскай калёніі і распавёў падрабязнасьці DW.

«Яна сама ў парадку, як заўсёды бадзёрая, з чырвонай памадай, сьмяецца, усьміхаецца, — кажа Аляксандар Пыльчанка. — Цяпер яна зь людзьмі — каля 10 месяцаў яна была ў камэры-адзіночцы. (...) Цяпер яна ў атрадзе зь 5 чалавек, гэта атрад № 8, карантынны. Як яна распавядала, атмасфэра вельмі станоўчая, сьмяюцца, весяляцца — нармальная атмасфэра з пункту гледжаньня Марыі».

Паводле яго, этап Марыі ў калёнію доўжыўся менш за суткі. У карантыне яна будзе ня больш за 14 дзён. Пакараньне будзе адбываць на агульных умовах, працуючы ў калёніі. Таксама Калесьнікава сказала, што хоча атрымаць вышэйшую адукацыю ў калёніі (такая магчымасьць прапісаная ў заканадаўстве і ёсьць дзьве ВНУ, якія могуць даваць такую адукацыю).

Таксама Уладзімер Пыльчанка распавёў, што апэляцыю на прысуд ужо падавалі — другая судовая інстанцыя пакінула яго бязь зьменаў, але Марыя з адвакатамі плянуе абскарджваць прысуд і надалей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG