Аляксандар Лукашэнка мае права прызначаць 8 сяброў Савету Рэспублікі. Акрамя Баскава, Лукашэнка раней зрабіў «сэнатарамі» Анатоля Ісачанку, Натальлю Качанаву, Сяргея Рачкова, Міхаіла Русага. Яшчэ тры месцы застаюцца вакантнымі.
Усяго ў Савеце Рэспублікі 64 сябры. Старшыня верхняй палаты — Натальля Качанава. Яна прысутнічала на прызначэньні Баскава.
Лукашэнка сказаў, што адправіў Баскава ў Савет Рэспублікі, таму што гэта «патрыёт, адданы краіне чалавек (такіх мы ня крыўдзім і ня кідаем, гэта ўсім зразумела)». Назваў яго здольным, разумным, граматным і шчырым.
«А што там пра яго пішуць… Ну бʼюць тых, хто побач, — Качанаву, Эйсмант, Баскава, Латышонка — і пайшло-паехала», — адзначыў Лукашэнка.
8 верасьня Міжнародная фэдэрацыя хакею на 5 гадоў дыскваліфікавала кіраўніка Беларускай фэдэрацыі хакею Дзьмітрыя Баскава. Дысцыплінарная камісія Міжнароднай фэдэрацыі хакею ў выніку 10-месячнага расьсьледаваньня прыйшла да высновы, што Баскаў парушыў кодэкс паводзінаў фэдэрацыі.
«Камісія прывяла дастатковыя доказы таго, што Дзьмітры Баскаў спрабаваў прама паўплываць на іншых, каб падтрымаць беларускі ўрад, і пагражаў і дыскрымінаваў беларускіх спартоўцаў за іх палітычныя погляды, што парушае правіла 1.2.2.1 Кодэксу паводзінаў IIHF. Калегія таксама вызначыла, што Баскаў злоўжываў сваім становішчам прадстаўніка хакею, каб падтрымаць Аляксандра Лукашэнку, парушыўшы артыкул 5 Алімпійскай хартыі ў сувязі з артыкулам 2.1 Дысцыплінарных рэглямэнтаў IIHF і правілам 1.2.2.4 Кодэксу паводзінаў IIHF», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні.
10 верасьня Дзьмітры Баскаў пакінуў пасаду старшыні Фэдэрацыі хакею Беларусі. У паведамленьні арганізацыі ўдакладнялася, што функцыянэр напісаў заяву аб звальненьні ў сувязі зь «неабгрунтаваным грубым ціскам і каб не нашкодзіць віду спорту».
13 верасьня адхіленага Дзьмітрыя Баскава таксама вывелі са складу рады дырэктараў Кантынэнтальнай хакейнай лігі (КХЛ).
Дзьмітрыя Баскава падазраюць у датычнасьці да забойства гарадзкога актывіста Рамана Бандарэнкі. Інцыдэнт здарыўся 11 лістапада 2020 году на «плошчы Перамен» у Менску, дзе група людзей зразала бел-чырвона-белыя стужкі. На Рамана Бандарэнку напалі, ён атрымаў цяжкія раненьні і на наступны дзень ад іх памёр.
Пасьля гэтага IIHF атрымала справаздачы ад Беларускага фонду спартовай салідарнасьці (BSSF) і даручыла незалежнай сьледчай фірме зрабіць агляд агульнадаступнай інфармацыі адносна сьцьвярджэньняў пра датычнасьць Дзьмітрыя Баскава да інцыдэнту ды іншых неспартовых дзеяньняў.
Што вядома пра сьмерць Рамана Бандарэнкі
- Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на вуліцы Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
- Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22:16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
- Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску.
- У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
- Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную яго ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
- Раман быў у крытычным стане.
- ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя прыбыла на месца толькі пасьля здарэньня. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую. Адзін са сьведак здарэньня расказаў Свабодзе, што міліцыя прыяжджала яшчэ тады, калі невядомыя зразалі стужкі, «аднак хутка зьехала, нічога не зрабіўшы».
- Сьледчы камітэт заявіў, што мужчына быў пʼяны. Аднак мэдыкі гэтую заяву абверглі — у крыві Бандарэнкі алькаголю не было.
- 19 лістапада затрымалі журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна. Кацярына Барысевіч была аўтаркай артыкула, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. Інфармацыю пра гэта ёй перадаў лекар Арцём Сарокін. Пачатак суду над імі прызначаны на 19 лютага.
- 18 лютага 2021 году, на соты дзень пасьля сьмерці Рамана, Генпракуратура паведаміла яго маці Алене Бандарэнцы, што па факце сьмерці яе сына пачалі крымінальную справу.
- 17 верасьня 2021 справу прыпынілі«з прычыны неўстанаўленьня асобы, якая падлягае прыцягненьню ў якасьці абвінавачанага».