Google LLC падала ў суд пазоў супраць дзеяньняў Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Беларусі. Як піша «Новая деловая газета», судовая калегія эканамічных справаў Вярхоўнага суду стала на бок міністэрства.
Пра тое, што Google мае намер судзіцца з МАРГ, стала вядома ў жніўні летась. З прычыны наяўнасьці камэрцыйных таямніц справа слухалася ў закрытым судовым паседжаньні. Сутнасьць канфлікту выразна паказвала рашэньне беларускага ведамства прыцягнуць IT-гіганта да адказнасьці за парушэньні антыманапольнага заканадаўства.
«МАРГ выкрыў факт парушэньня антыманапольнага заканадаўства на рынку крамаў праграмаў, стандартна ўсталяваных на мабільныя прылады пад кіраваньнем апэратыўнай сыстэмы Android. Па выніках аналізу рынку антыманапольным органам выяўлена, што на гэтым рынку кампанія Google LLC займае дамінантнае становішча са сваёй крамай аплікацый Google Play, якая распаўсюджваецца ў тым ліку на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», — гаварылася ў паведамленьні, апублікаваным на сайце міністэрства 14 ліпеня 2021 году.
Тады Google LLC падала ў суд, каб абскардзіць рашэньне. З апублікаванай на партале «Электроннае судаводзтва» падсумоўчай часткі рашэньня стала вядома, што 4 студзеня Вярхоўны суд адмовіў Google LLC «у задавальненьні патрабаваньняў аб прызнаньні несапраўдным прадпісаньня Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Рэспублікі Беларусь».
Цяпер кампанія мусіць ліквідаваць парушэньні. А таксама на яе могуць завесьці адміністрацыйную справу за парушэньне антыманапольнага заканадаўства і аштрафаваць на суму да 3,2 тысячы беларускіх рублёў.
Гэта чарговы прайграны амэрыканскай кампаніяй суд. У 2016 годзе яе аштрафавалі ў Расеі за злоўжываньне дамінантным становішчам на рынку інтэрнэт-пашукавікоў, што абмяжоўвае працу вытворцаў прылад на базе АС Android. У 2018 годзе Эўракамісія аштрафавала кампанію на 4,35 млрд эўра ў рамках антыманапольнага расьсьледаваньня ў аналягічнай справе.
У беларускае міністэрства з заявай на Google LLC зьвярнулася расейскае ААТ «Яндэкс». Расьсьледаваньне зрабіла выснову, што кампанія Google LLC увязвае атрыманьне крамы аплікацый Google Play з абавязковым стандартным усталяваньнем іншых праграмаў, якія забясьпечваюць пошук інфармацыі, разьмяшчэньне рэклямы і прыносяць прыбытак кампаніі Google LLC.
«Яндэкс» скардзіўся ў сваёй заяве ня толькі на Google LLC, але і на зарэгістраваныя ў Ірляндыі Google Commerce Limited і Google Ireland Limited. Аднак у дзейнасьці гэтых кампаній МАРГ не знайшоў парушэньняў беларускага антыманапольнага заканадаўства.