Сьледчы камітэт заявіў аб завяршэньні расьсьледаваньня крымінальнай справы супраць «10 радыкалаў». Паводле вэрсіі сьледзтва, нявызначаныя асобы пры ўдзеле трох абвінавачаных — двух мужчын і 26-гадовай дзяўчыны — у пэрыяд з 2005 па 2020 гг. аб’ядналі групы анархісцкага руху «Рэвалюцыйнае дзеяньне», «Народная самаабарона» і «Революцiйна дiя».
Ва ўдзеле, як піша Правабарончы цэнтар «Вясна», вінавацяць палітвязьняў Марфу Рабкову, Андрэя Чапюка, Акіхіра Гаеўскага-Ханаду, Аляксандра Францкевіча, Аляксея Галаўко, Аляксандра Казьлянку, Паўла Шпетнага, Мікіту Дранца, Андрэя Марача, Данілу Чуля.
СК сьцьвярджае, што створаныя групы мелі аўтаномныя ячэйкі ў рэгіёнах са сваімі нефармальнымі лідэрамі. Для іх працы фармаваліся агульныя касы, была створаная інтэрнэт-крама для продажу «экстрэмісцкай літаратуры, адзеньня і іншай атрыбутыкі».
31-гадовы абвінавачаны, якога сьледчыя называюць «адным зь лідэраў» у 2011 годзе быў судзімы за ўдзел у радыкальных акцыях у Менску сумесна з Ігарам Аліневічам, Мікалаем Дзядком, Дзьмітрыем Дубоўскім і іншымі анархістамі. Там гавораць, што ён і 26-гадовая абвінавачаная маюць дачыненьне да падпалу падатковай інспэкцыі Гомельскага раёну ў сакавіку 2017 году з выкарыстаньнем «кактэйляў Молатава», а таксама да кіданьня дымавой шашкі ў будынак ГУБАЗіК у Берасьці.
Акрамя таго, іх зьвязваюць з пашкоджаньнем у 2016–2020 гадах банэраў з выявамі сілавікоў, фасадаў розных будынкаў, у тым ліку будынку Белтэлерадыёкампаніі, падпалу білборда ў Івацэвічах і перакрыцьці дарогі падчас акцый у Берасьці ў сакавіку 2017 і траўні 2018 гг.