У віленскім Катэдральным саборы сьвятую імшу адслужыць біскуп Арунас Панішкайціс 20 студзеня ў 17:30.
Увечары таго ж дня ў Вышаградзкай катэдры ў Празе малітву ўзначаліць кардынал Дамінік Дука, у Менску — арцыбіскуп Менскі і Магілёўскі Юры Станеўскі, у родным Скарыну Полацку службу адправіць арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, таксама богаслужбы зладзяць у Варшаве і ў італьянскай Падуі, паведамляецца на сайце бібліятэкі імя братоў Урублеўскіх Акадэміі навук Літвы.
У катэдральным саборы Варшавы экумэнічная служба памяці Скарыны пройдзе 20 студзеня а 19 гадзіне.
Сёлета 500 гадоў ад пачатку кнігадрукаваньня ў Вялікім Княстве Літоўскім
Беларускі першадрукар Францішак Скарына, вярнуўшыся з Прагі, заклаў у Вільні, у доме бурмістра Якуба Бабіча, друкарню, дзе ў 1522 годзе выпусьціў у сьвет малітоўны зборнік – «Малую падарожную кніжку«, першую друкаваную кнігу ВКЛ.
Таму 2022 год рашэньнем Сойму Літоўскай Рэспублікі абвешчаны ў краіне Годам Францішка Скарыны, урад Літвы ўхваліў вялікі плян урачыстасьцяў. Да ўшанаваньня юбілею ў розных краінах, зь якімі зьвязаны жыцьцёвы шлях першадрукара, спрычыніўся і Каталіцкі касьцёл.