Чатыром арыштаваным анархістам — Яўгену Рубашку, Аляксандру Бялову, Арцёму Салаўю і яшчэ аднаму актывісту — выставілі абвінавачаньні ў стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня «Прамень» і ўдзеле ў ім (арт. 361-1), паведамляе тэлеграм-канал «АЧК-Беларусь».
Пры гэтым як зазначаецца, усіх хлопцаў затрымалі яшчэ да прызнаньня суполкі экстрэмісцкім фармаваньнем.
Усім ім пагражае да 6 гадоў пазбаўленьня волі. Цяпер яны знаёмяцца з матэрыяламі справы.
Аляксандра Бялова і Яўгена Рубашку затрымалі 29 ліпеня, а Арцёма Салаўя — 4 жніўня. Усіх іх супрацоўнікі ГУБАЗіК білі пры затрыманьні. Пазьней анархістам выставілі абвінавачаньні паводле ч. 1 арт. 342 КК і зьмясьцілі пад варту ў СІЗА.
Затрымалі блогера, які на Новы год вярнуўся ў Беларусь
Затрымалі стваральніка ютуб-каналу «Трэці Рэгіён Беларусь» Алега Канавалава, паведамляе «Вясна».
Вядома, што Алег у 2020 годзе пераехаў ва Ўкраіну. На навагоднія сьвяты ён прыехаў у Беларусь, дзе і быў затрыманы. Папярэдне, супраць Канавалава распачалі крымінальную справу за распальваньне сацыяльнай варожасьці.
Канавалава затрымлівала міліцыя ў сакавіку 2021 году. Тады яго паказвалі па тэлеграм-канале МУС, камэнтуючы, што ён нібыта падманваў жыхароў Гомля і зьбіраў грошы на дапамогу пратэстоўцам. Пасьля сакавіцкага затрыманьня зьехаў у Кіеў, там прымаў удзел у акцыях на Майдане Незалежнасьці і здымаў пра гэта відэа. Шмат камэнтаваў у чаце «Беларускага дому ва Ўкраіне» ў адкрытым доступе. Ён інвалід па зроку. На ягоным канале 337 падпісчыкаў.
Пракурор запрасіў тры гады «хіміі» для гукаапэратара ТЮГ
Суд Фрунзэнскага раёну Менску 10 студзеня працягнуў разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні да 23-гадовага гукаапэратара Тэатру юнага гледача, палітвязьня Кірыла Салеева.
Мужчыну вінавацяць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх па ч.1 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу за ўдзел у нядзельных маршах у Менску 27 верасьня і 25 кастрычніка 2020 году.
Прадстаўнік абвінавачаньня Дзьмітры Хаваўка запрасіў для Салеева тры гады «хіміі», паведамляе «Вясна». Чакаецца, што прысуд будзе вынесены заўтра, 11 студзеня.