Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэрцы дэмакратаў М’янмы Аўн Сан Су Чжы прысудзілі яшчэ 4 гады турмы


Аўн Сан Су Чжы
Аўн Сан Су Чжы

Усяго жанчыне выставілі 11 абвінавачаньняў. Агульны тэрмін пазбаўленьня волі па іх можа дасягнуць больш за 100 гадоў.

Суд у М‘янме прысудзіў яшчэ 4 гады зьняволеньня Аўн Сан Су Чжы, былой дзярждарадцы краіны і нобэлеўскай ляўрэатцы, прызнаўшы яе вінаватай у захоўваньні рацый і парушэньні каранавірусных абмежаваньняў, паведамляе Sky News.

Пры гэтым у пачатку сьнежня вайсковая хунта, якая ўтрымлівае ўладу ў М’янме, ужо выносіла прысуд лідэры дэмакратычных сілаў краіны. Тады 76-гадовая Аўн Сан Су Чжы, якая кіруе Нацыянальнай лігай за дэмакратыю, бала асуджана на 4 гады зьняволеньня.

Пазьней дзяржаўная тэлевізія краіны паведаміла, што пасьля частковага памілаваньня кіраўніком прызначанага вайскоўцамі ўраду ёй скарацілі тэрмін пакараньня з чатырох гадоў да двух.

Тады Аўн Сан Су Чжы абвінавацілі ў парушэньні дзяржаўнай тайны, нелегальным увозе партатыўнай прыёмаперадавальнай тэхнікі, выкарыстаньні гэтай апаратуры безь дзяржаўнай рэгістрацыі, парушэньні рэжыму надзвычайнага становішча і атрыманьні хабару. Яе арыштавалі 1 лютага проста ў кабінэце, з таго моманту да суду яе ніхто ня бачыў.

Аднак прысуд, паводле прадстаўніка цяперашняй улады, вынесьлі ў выніку за распаўсюд іншадумства супраць вайскоўцаў і парушэньне каранавірусных абмежаваньняў.

Аўн Сан Су Чжы знаходзіцца ў зьняволеньні ўжо 11 месяцаў. Агулам жанчыне выставілі 11 абвінавачаньняў. Агульны тэрмін пазбаўленьня волі па іх можа дасягнуць больш за 100 гадоў. Яна не прызнае віны.

Яе прыхільнікі лічаць працэс палітычна матываваным. Судовы працэс, які праходзіць у сталіцы краіны, закрыты для журналістаў.

Аўн Сан Су Чжы 76 гадоў. Яна правяла больш за 15 гадоў пад хатнім арыштам за сваю прадэмакратычную дзейнасьць і ў красавіку 2016 года пасьля выбараў заняла пасаду дзяржаўнага саветніка Мʼянмы. У 1991 годзе ёй была прысуджана Нобэлеўская прэмія міру, а годам раней — прэмія «За свабоду думкі» імя Сахарава.

  • У лютым 2021 годзе вайскоўцы зладзілі пераварот, які скончыўся іхным посьпехам і зрынаньнем Аўн Сан Су Чжы, якая з 2011 году займала розныя пасады ў краіне, была міністаркай замежных спраў, кіраўніцай канцылярыі прэзыдэнта і прэм’ер-міністаркай. Дзеяньні хунты падтрымалі Расея і Кітай.
  • Па ўсёй краіне пачаліся ўзброеныя сутычкі паміж пратэстоўцамі і вайскоўцамі, якія прывялі да соцень сьмерцяў. Вайскоўцы заявілі, што выбары ў лістападзе 2020 году правялі з махлярствам. Тысячы людзей па ўсёй краіне трапілі ў турмы, аднак затым пад міжнародным ціскам многіх зь іх выпусьцілі на волю.
  • Аўн Сан Су Чжы была 15 гадоў пад хатнім арыштам, з 1989 па 2010 гг., калі краіна таксама знаходзілася пад панаваньнем вайсковай хунты. Міжнародная арганізацыя Amnesty International давала палітыку тытул «Амбасадар сумленьня», аднак у 2018 годзе адклікала ўзнагароду праз ганеньні на народнасьць рагінг’я — вайскоўцы М’янмы высялялі мусульманаў зь іхных дамоў, зьдзекаваліся зь іх і забівалі, а Аўн Сан Су Чжы, на думку праваабаронцаў, праявіла абыякавасьць да лёсу гэтых людзей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG