Вінаватых у датычнасьці абвалу пешаходнай часткі моста ў Менску над вуліцай Няміга плянуюць прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу – аб службовай халатнасьці і аб «парушэньні праектаў, абавязковых для захаваньня патрабаваньняў тэхнічных нарматыўных прававых актаў пры вытворчасьці будаўніча-мантажных работ».
У ведамстве таксама паведамілі, што створана сьледчая група зь ліку супрацоўнікаў Галоўнага і Менскага сьледчых упраўленьняў.
Таксама арганізавана і працягваецца правядзеньне допытаў службовых асобаў арганізацый, якія ажыцьцяўляюць утрыманьне, тэхнічнае абсьледаваньне і абслугоўваньне моста.
Плянуецца назначэньне комплексных тэхнічных і іншых экспэртных дасьледаваньняў.
Пешаходная частка моста ў Менску на Нямізе абвалілася 8 студзеня. Здарылася гэта глыбокай ноччу. Праз час ратавальнікі МНС прыехалі на месца разьбіраць завалы. Паводле зьвестак сьледзтва, знайшоўшы першыя фрагмэнты канструкцыі, што ўпалі, супрацоўнікі ДАІ абмежавалі рух пешаходаў і транспарту. У выніку здарэньня ніхто не пацярпеў.