Пра гэта паведаміў у Інстаграме кіраўнік фонду дапамогі рэпрэсаваным BySol Андрэй Стрыжак.
«Рабэрта Вальдэс Касануэва завяршыў эвакуацыю і знаходзіцца ў бясьпецы ў Літве. Дзякуй усім, хто прыняў удзел у гэтай апэрацыі. Здаецца, што гэта было дакладна паўсотні чалавек, якія зрабілі вельмі шмат для ягонай свабоды. Цяпер Рабэрта нічога не пагражае і гэта будзе першая паўнавартасная спакойная ноч за доўгі час», — напісаў Андрэй Стрыжак.
Неабходнасьць эвакуацыі Рабэрта Касануцэва з Расеі ў Літву Стрыжак патлумачыў Свабодзе наступным чынам:
«Расея не зьяўляецца бясьпечнай краінай для любога грамадзка актыўнага чалавека. У любы момант кожнага, хто туды зьехаў, з тых, хто прымаў удзел у пратэстах, могуць затрымаць наноў па „крыміналцы“. Прыклады Яны Пінчук, Аляксея Кудзіна, Андрэя Прылуцкага пацьвярджаюць такую практыку. Нашая супольная задача была перамясьціць Рабэрта ў бясьпечнае месца, якім для яго родная краіна, на жаль, таксама не зьяўляецца», — патлумачыў кіраўнік BySol.
Рабэрта Вальдэс Касануэва пражыў у Беларусі 30 гадоў, тут у яго сям’я і трое дзяцей. Ён свабодна размаўляе на расейскай мове. Працаваў графічным дызайнэрам.
Рабэрта Вальдэса Касануэву затрымалі летась 11 лістапада пасьля ўдзелу ў маршы. Больш за год ён правёў на Акрэсьціна ў чаканьні дэпартацыі.
10 сьнежня 2021 году яго выслалі з краіны. Калі Касануэву вызвалілі, яго пасадзілі на самалёт у Расею: у дакумэнце, які яму далі, у кубінца высылка зь Беларусі на 3 гады.