Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парлямэнты Кіргізстана і Таджыкістана вырашылі адправіць вайскоўцаў у Казахстан у складзе АДКБ


Лягатып АДКБ
Лягатып АДКБ

Дэпутаты парлямэнту Кіргізстана далі згоду на адпраўку войскаў у Казахстан у рамках Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ).

Пра гэта паведамляе Kaktus.media.

69 дэпутатаў прагаласавалі за адпраўку войскаў, супраць выступілі 7 дэпутатаў.

Як расказаў дэпутат Дастан Бекешаў, гэта вынікі другога галасаваньня. Падчас першага галасаваньня 55 парлямэнтарыяў былі згодныя з адпраўкай войскаў, 11 былі супраць. Тады галасаваньне не залічылі, бо патрэбны 61 голас у падтрымку.

Кіргізстан накіруе ў суседнюю краіну 150 чалавек з асабовага складу, 8 адзінак бронетэхнікі і 11 машын. Улады Кіргізстана сьцьвярджаюць, што вайскоўцы будуць займацца аховай стратэгічных аб’ектаў, а не разгонам пратэстоўцаў.

Адначасова з галасаваньнем дэпутатаў звонку будынку парлямэнту прайшоў мітынг супраць уводу войскаў у Казахстан, піша Orda.kz.

У той жа дзень парлямэнт Таджыкістана таксама ўхваліў рашэньне аб адпраўцы вайскоўцаў у рамках АДКБ у Казахстан, паведамляе агенцтва «Ховар».

Крыніца ў сілавых структурах паведаміла таджыкскай службе Радыё Свабода, што ў ноч на 7 студзеня Таджыкістан адправіў у Казахстан у складзе міратворчых сіл АДКБ каля 200 вайскоўцаў. Па словах крыніцы, таджыкскія вайскоўцы прымуць удзел у ахове школ, бальніц і сацыяльных аб’ектаў і не будуць удзельнічаць у падаўленьні пратэстаў.

Першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Казахстана Даўрэн Абаеў таксама заявіў, што салдаты АДКБ ня будуць удзельнічаць у баявых дзеяньнях.

«Паступае шмат пытаньняў адносна АДКБ. Хачу адзначыць, уведзены міратворчы кантынгент краін АДКБ. Місія зьяўляецца міратворчай. Салдаты АДКБ не ўдзельнічаюць у баявых дзеяньнях, не займаюцца ліквідацыяй баевікоў», — сказаў Абаеў у эфіры дзяржтэлеканалу «Хабар 24».

Ён дадаў, што «ня трэба блытаць міратворчую місію з уводам калектыўных сіл апэратыўнага рэагаваньня».

«Баявую частку апэрацыі па зачыстцы гораду 6 студзеня ажыцьцяўлялі сілы падразьдзяленьняў «Арыстан, „Арлан“, „Беркут“ і Мінабароны», — сказаў Абаеў.

  • Пятага студзеня прэзыдэнт Казахстана Касым-Жомарт Такаеў зьвярнуўся да краін — удзельніц АДКБ з просьбай увесьці войскі для барацьбы з «тэрарыстамі». Экспэрты называюць АДКБ структурай, з дапамогай якой Масква кіруе суседнімі краінамі. Раней просьбы аб міратворцах АДКБ не выконвала.
  • Шостага студзеня ў краіну прыбылі вайскоўцы з Расеі. Пазьней стала вядома, што ў Казахстан «у складзе сіл АДКБ вылецела беларуская міратворчая рота са 103-й паветрана-дэсантнай брыгады сіл спэцапэрацый». Таксама ў Казахстан накіруюць 200 вайскоўцаў з Таджыкістана і 70 вайскоўцаў з Армэніі.

Пратэсты ў Казахстане

Мапа пратэстаў у Казахстане
Мапа пратэстаў у Казахстане

  • Пратэсты ў Казахстане пачаліся 2 студзеня ў горадзе нафтавікоў Жанаэзене пасьля таго, як улады ўдвая павысілі цану на звадкаваны газ. Першапачаткова пратэстоўцы патрабавалі толькі зьнізіць цану.
  • 4 студзеня пратэсты сталі масавымі і перайшлі ў сутычкі з паліцыяй. Пратэстоўцы запатрабавалі адстаўкі ўраду і сыходу з палітыкі былога прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева. Яны скандавалі «Шал, кет!» («Стары, сыходзь!»).
  • Падчас сутычак сілавікі ўжывалі сьвятлашумавыя гранаты, сьлезацечны газ. Адбываліся перастрэлкі. Пратэстоўцы ўзброіліся арматурай, палкамі, камянямі. Яны білі паліцыю, падпальвалі аўтамабілі. Частка сілавікоў, як у горадзе Актаў, перайшла на бок пратэстоўцаў.
  • Пратэсты закранулі амаль усю краіну: горад нафтавікоў Жанаэзен і цэнтар Мангыстаўскай вобласьці Актаў (адкуль пачаліся пратэсты), былую сталіцу краіны і найбуйнейшы горад краіны Алматы, цяперашнюю сталіцу Нур-Султан (былую Астану), буйныя гарады Шымкент, Караганду і Актэбе, а таксама многія іншыя гарады і мястэчкі.
  • Ранкам 5 студзеня прэзыдэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў адправіў урад у адстаўку.
  • Надзвычайнае становішча ўвялі ва ўсёй краіне. У Нур-Султане, Алматы, Мангыстаўскай вобласьці ўвялі камэнданцкі час.
  • Эпіцэнтрам пратэстаў стаў горад Алматы.
  • 5 студзеня пратэстоўцы ўварваліся ў акімат Алматы, захапілі былую прэзыдэнцкую рэзыдэнцыю, разграмілі будынак з офісам кіруючай партыі «Нур-Отан». У будынку акімату і пракуратуры Алматы, а таксама былой рэзыдэнцыі пачаўся пажар. Пратэстоўцы захапілі і разграмілі будынак тэлеканала «Мир24» і яшчэ некалькіх тэлеканалаў. Завалодалі будынкам Камітэту нацыянальнай бясьпекі ў Алматы.
  • Увечары 5 студзеня пратэстоўцы захапілі аэрапорт у Алматы.
  • У Алматы шмат разгромленых будынкаў, крамаў, спаленых аўтамабіляў.
  • 5 студзеня ва ўсёй краіне адключылі правадны інтэрнэт і галасавую сувязь, дагэтуль блякавалі мабільны інтэрнэт. Спынілі вяшчаньне буйныя тэлеканалы Казахстану.
  • Пачаліся страйкі. Спынілі вытворчасьць мэталюргічныя заводы ў горадзе Балхаш, нафтагазавае прадпрыемства «Мангыстаўмунайгаз» у Мангыстаўскай вобласьці.
  • 5 студзеня прэзыдэнт краіны Такаеў заявіў, што ўзначаліць Раду бясьпекі Казахстану замест Назарбаева, і паабяцаў дзейнічаць «максымальна жорстка». Назарбаеў пайшоў у адстаўку. У горадзе Талдыкарган пратэстоўцы павалілі помнік Назарбаеву.
  • Пратэстоўцы запатрабавалі таксама сыходу з пасады Такаева.
  • У ноч на 6 студзеня Такаеў запрасіў дапамогі ў АДКБ.
  • 6 студзеня першыя вайскоўцы ў межах місіі АДКБ прыбылі ў Казахстан.
  • На 6 студзеня казаскія мэдыя паведамілі пра дзясяткі забітых сярод цывільнага насельніцтва, 18 ахвяраў сярод сілавікоў, параненыя 748 праваахоўнікаў. Вярхоўны камісар ААН заявіў пра прыкладна тысячу параненых чалавек толькі ў Алматы.
  • 6 студзеня МУС Казахстана паведаміла пра 2298 затрыманых. Тым часам на афіцыйным узроўні Астану перасталі называць Нур-Султанам, як назвалі горад у гонар дыктатара Назарбаева.
  • 7 студзеня Міністэрства ўнутраных спраў Казахстану паведаміла, што падчас так званай «зачысткі» ў самым буйным горадзе краіны, Алматы, загінулі 26 «узброеных злачынцаў», яшчэ 18 атрымалі раненьні, а ўсе адміністрацыйныя будынкі ў гарадах Казахстану «вызваленыя і ўзятыя пад узмоцненую ахову».
  • Таксама ў выніку «сутыкненьня з хуліганскім натоўпам» параненыя 216 вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі ў Алматы і Шымкенце, паведаміла прэс-служба вайсковага фармаваньня.
  • Раніцай 7 студзеня прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў на пасяджэньні контратэрарыстычнага штабу заявіў, што «ў значнай ступені наведзены канстытуцыйны лад ва ўсіх рэгіёнах краіны».
  • Пазьней 7 студзеня Такаеў выступіў са зваротам да грамадзянаў краіны, у якім заявіў, што даў загад праваахоўным органам і войску адкрываць агонь на паражэньне без папярэджаньня.
  • 9 студзеня Такаеў выдаліў свой твіт пра тое, што на Казахстан нібыта напалі 20 тысяч тэрарыстаў, але на наступны дзень сказаў, што «ў агрэсіі супраць Казахстану ўдзельнічалі баявікі з цэнтральнаазіяцкіх краінаў, Афганістану і Блізкага Ўсходу».
  • У той жа дзень стала вядома пра дзьве сьмерці: кіраўніка абласной паліцыі і палкоўніка камітэту нацбясьпекі.
  • Паводле расьсьледаваньня The Telegraph, малодшая дачка Назарбаева вывела з Казахстану 300 мільёнаў даляраў і патраціла частку грошай на нерухомасьць за мяжой.
  • Раніцай 11 студзеня Такаеў заявіў, што кантынгент АДКБ пачнуць выводзіць з Казахстану праз 2 дні. Ён запэўніў Мажыліс у тым, што ўлады ўсё вярнулі пад кантроль.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG