Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада БНР выступіла супраць адпраўкі беларускіх вайскоўцаў у Казахстан


На вуліцах Алмааты.
На вуліцах Алмааты.

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выступіла з заявай, у якой асудзіла адпраўку беларускіх вайскоўцаў у Казахстан.

«Сытуацыя, якая склалася ў Казахстане, зьяўляецца паўстаньнем народу супраць карумпаванага аўтарытарнага рэжыму, які на працягу дзесяцігодзьдзяў раскрадае багацьці гэтай краіны і перасьледуе іншадумцаў», — гаворыцца ў заяве, зьмешчанай на старонцы Рады БНР у фэйсбуку.

«Адпраўка войскаў рэжымамі Пуціна, Лукашэнкі і іхнымі хаўрусьнікамі накіраваная на дапамогу рэжыму Такаева і Назарбаева ў падаўленьні гэтых пратэстаў, з улікам таго, што гэты рэжым ужо ня можа разьлічваць на ляяльнасьць казахстанскіх паліцыі і войска, — гаворыцца ў заяве. — Дасылаючы войскі на дапамогу дыктатуры ў далёкай краіне, Лукашэнка рызыкуе жыцьцямі беларусаў і робіць Беларусь саўдзельнікам акту міжнароднай ваеннай агрэсіі».

Ацэньваючы Арганізацыю дамовы калектыўнай бясьпекі (АДКБ), Рада БНР адзначае, што гэта аб’яднаньне «дыктатарскіх рэжымаў, чые мэты — абарона сваіх незаконнай улады і незаконнага багацьця, а таксама супрацьстаяньне дэмакратычным краінам і падаўленьне ўласных народаў. Удзел у АДКБ супярэчыць беларускім нацыянальным інтарэсам і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў заяве.

  • У склад кантынгенту, накіраванага ў Казахстан, увайшлі падразьдзяленьні ўзброеных сілаў Расеі, Армэніі, Беларусі, Кіргізстану і Таджыкістану. Паводле папярэдніх зьвестак, ад Беларусі ў Казахстан ляціць 103-я брыгада паветрана-дэсантных войскаў сілаў спэцыяльнай абароны.
  • Прэзыдэнт Казахстану 5 студзеня зьвярнуўся да кіраўнікоў дзяржаваў Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) з просьбай дапамагчы ў пераадоленьні «тэрарыстычнай пагрозы». Касым-Жамарт Такаеў заявіў, што падзеі апошніх дзён у Казахстане — гэта тэрарыстычная пагроза і падрыў цэласьці дзяржавы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG