Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
Прэзыдэнт Казахстану Такаеў зьвярнуўся па дапамогу да АДКБ для пераадоленьня «тэрарыстычнай пагрозы». АДКБ згадзілася

Прэзыдэнт Казахстану Такаеў зьвярнуўся па дапамогу да АДКБ для пераадоленьня «тэрарыстычнай пагрозы». АДКБ згадзілася


Прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў
Прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў

Прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў зьвярнуўся да кіраўнікоў дзяржаваў Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) з просьбай аказаць дапамогу ў пераадоленьні «тэрарыстычнай пагрозы».

Такаеў заявіў, што падзеі апошніх дзён у Казахстане — гэта тэрарыстычная пагроза і падрыў цэласьці дзяржавы.

Старшыня Рады калектыўнай бясьпекі АДКБ прэм’ер-міністар Армэніі і Нікол Пашыньян заявіў, што ў сувязі са зваротам прэзыдэнта Казахстану Рада прыняла рашэньне накіраваць Калектыўныя міратворчыя сілы АДКБ у Казахстан з мэтай стабілізацыі і нармалізацыі становішча.

«У сувязі са зваротам прэзыдэнта Рэспублікі Казахстан Касым-Жамарта Такаева і з прычыны пагрозы нацыянальнай бясьпецы і сувэрэнітэту Рэспублікі Казахстан, выкліканай, у тым ліку, умяшаньнем звонку, Рада калектыўнай бясьпекі АДКБ у адпаведнасьці з артыкулам 4 Дамовы аб калектыўнай бясьпецы прыняла рашэньне накіраваць Калектыўныя міратворчыя сілы АДКБ у Рэспубліку Казахстан на абмежаваны ў часе пэрыяд з мэтай стабілізацыі і нармалізацыі становішча ў гэтай краіне», — напісаў Пашыньян у фэйсбуку.

Выступаючы позна ўвечары 5 студзеня на нарадзе кіраўніцтва краіны, прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў заявіў:

«Абапіраючыся на Дамову аб калектыўнай бясьпецы, я сёньня зьвярнуўся да кіраўнікоў дзяржаваў АДКБ — аказаць дапамогу Казахстану ў пераадоленьні гэтай тэрарыстычнай пагрозы. Насамрэч, гэта ўжо не пагроза, гэта падрыў цэласьці дзяржавы і самае галоўнае — гэта напад на нашых грамадзян, якія просяць мяне як кіраўніка дзяржавы ў тэрміновым парадку аказаць ім дапамогу», — цытуе «Інтэрфакс» Такаева.

«Зварот да партнэраў у АДКБ лічу дарэчным і своечасовым», — падкрэсьліў кіраўнік дзяржавы.

Паводле прэзыдэнта Казахстану, «тэрарыстычныя банды зьяўляюцца, па сутнасьці, міжнароднымі», а «іх напад на Казахстан можна разглядаць і трэба разглядаць як акт агрэсіі».

Ён таксама сказаў, што «тэрарыстычныя банды» захопліваюць «буйныя інфраструктурныя аб’екты»: «У прыватнасьці, у Алматы захоплены аэрапорт, пяць самалётаў, у тым ліку замежныя самалёты. Алматы перажыла напад, разбурэньне, вандалізм», — заявіў Такаеў.

У АДКБ уваходзяць Расея, Беларусь, Армэнія, Кіргізстан, Таджыкістан і Казахстан.

Раней сёньня паведамлялася, што Аляксандар Лукашэнка правёў тэлефонныя размовы з кіраўнікамі Расеі і Казахстану Ўладзімірам Пуціным і Касым-Жамартам Такаевым.

Пратэсты ў Казахстане

Мапа пратэстаў у Казахстане
Мапа пратэстаў у Казахстане

  • Пратэсты ў Казахстане пачаліся 2 студзеня ў горадзе нафтавікоў Жанаэзене пасьля таго, як улады ўдвая павысілі цану на звадкаваны газ. Першапачаткова пратэстоўцы патрабавалі толькі зьнізіць цану.
  • 4 студзеня пратэсты сталі масавымі і перайшлі ў сутычкі з паліцыяй. Пратэстоўцы запатрабавалі адстаўкі ўраду і сыходу з палітыкі былога прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева. Яны скандавалі «Шал, кет!» («Стары, сыходзь!»).
  • Падчас сутычак сілавікі ўжывалі сьвятлашумавыя гранаты, сьлезацечны газ. Адбываліся перастрэлкі. Пратэстоўцы ўзброіліся арматурай, палкамі, камянямі. Яны білі паліцыю, падпальвалі аўтамабілі. Частка сілавікоў, як у горадзе Актаў, перайшла на бок пратэстоўцаў.
  • Пратэсты закранулі амаль усю краіну: горад нафтавікоў Жанаэзен і цэнтар Мангыстаўскай вобласьці Актаў (адкуль пачаліся пратэсты), былую сталіцу краіны і найбуйнейшы горад краіны Алматы, цяперашнюю сталіцу Нур-Султан (былую Астану), буйныя гарады Шымкент, Караганду і Актэбе, а таксама многія іншыя гарады і мястэчкі.
  • Ранкам 5 студзеня прэзыдэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў адправіў урад у адстаўку.
  • Надзвычайнае становішча ўвялі ва ўсёй краіне. У Нур-Султане, Алматы, Мангыстаўскай вобласьці ўвялі камэнданцкі час.
  • Эпіцэнтрам пратэстаў стаў горад Алматы.
  • 5 студзеня пратэстоўцы ўварваліся ў акімат Алматы, захапілі былую прэзыдэнцкую рэзыдэнцыю, разграмілі будынак з офісам кіруючай партыі «Нур-Отан». У будынку акімату і пракуратуры Алматы, а таксама былой рэзыдэнцыі пачаўся пажар. Пратэстоўцы захапілі і разграмілі будынак тэлеканала «Мир24» і яшчэ некалькіх тэлеканалаў. Завалодалі будынкам Камітэту нацыянальнай бясьпекі ў Алматы.
  • Увечары 5 студзеня пратэстоўцы захапілі аэрапорт у Алматы.
  • У Алматы шмат разгромленых будынкаў, крамаў, спаленых аўтамабіляў.
  • 5 студзеня ва ўсёй краіне адключылі правадны інтэрнэт і галасавую сувязь, дагэтуль блякавалі мабільны інтэрнэт. Спынілі вяшчаньне буйныя тэлеканалы Казахстану.
  • Пачаліся страйкі. Спынілі вытворчасьць мэталюргічныя заводы ў горадзе Балхаш, нафтагазавае прадпрыемства «Мангыстаўмунайгаз» у Мангыстаўскай вобласьці.
  • 5 студзеня прэзыдэнт краіны Такаеў заявіў, што ўзначаліць Раду бясьпекі Казахстану замест Назарбаева, і паабяцаў дзейнічаць «максымальна жорстка». Назарбаеў пайшоў у адстаўку. У горадзе Талдыкарган пратэстоўцы павалілі помнік Назарбаеву.
  • Пратэстоўцы запатрабавалі таксама сыходу з пасады Такаева.
  • У ноч на 6 студзеня Такаеў запрасіў дапамогі ў АДКБ.
  • 6 студзеня першыя вайскоўцы ў межах місіі АДКБ прыбылі ў Казахстан.
  • На 6 студзеня казаскія мэдыя паведамілі пра дзясяткі забітых сярод цывільнага насельніцтва, 18 ахвяраў сярод сілавікоў, параненыя 748 праваахоўнікаў. Вярхоўны камісар ААН заявіў пра прыкладна тысячу параненых чалавек толькі ў Алматы.
  • 6 студзеня МУС Казахстана паведаміла пра 2298 затрыманых. Тым часам на афіцыйным узроўні Астану перасталі называць Нур-Султанам, як назвалі горад у гонар дыктатара Назарбаева.
  • 7 студзеня Міністэрства ўнутраных спраў Казахстану паведаміла, што падчас так званай «зачысткі» ў самым буйным горадзе краіны, Алматы, загінулі 26 «узброеных злачынцаў», яшчэ 18 атрымалі раненьні, а ўсе адміністрацыйныя будынкі ў гарадах Казахстану «вызваленыя і ўзятыя пад узмоцненую ахову».
  • Таксама ў выніку «сутыкненьня з хуліганскім натоўпам» параненыя 216 вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі ў Алматы і Шымкенце, паведаміла прэс-служба вайсковага фармаваньня.
  • Раніцай 7 студзеня прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў на пасяджэньні контратэрарыстычнага штабу заявіў, што «ў значнай ступені наведзены канстытуцыйны лад ва ўсіх рэгіёнах краіны».
  • Пазьней 7 студзеня Такаеў выступіў са зваротам да грамадзянаў краіны, у якім заявіў, што даў загад праваахоўным органам і войску адкрываць агонь на паражэньне без папярэджаньня.
  • 9 студзеня Такаеў выдаліў свой твіт пра тое, што на Казахстан нібыта напалі 20 тысяч тэрарыстаў, але на наступны дзень сказаў, што «ў агрэсіі супраць Казахстану ўдзельнічалі баявікі з цэнтральнаазіяцкіх краінаў, Афганістану і Блізкага Ўсходу».
  • У той жа дзень стала вядома пра дзьве сьмерці: кіраўніка абласной паліцыі і палкоўніка камітэту нацбясьпекі.
  • Паводле расьсьледаваньня The Telegraph, малодшая дачка Назарбаева вывела з Казахстану 300 мільёнаў даляраў і патраціла частку грошай на нерухомасьць за мяжой.
  • Раніцай 11 студзеня Такаеў заявіў, што кантынгент АДКБ пачнуць выводзіць з Казахстану праз 2 дні. Ён запэўніў Мажыліс у тым, што ўлады ўсё вярнулі пад кантроль.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG