Прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Анатоль Глаз пракамэнтаваў масавыя пратэсты ў Казахстане. Ён спадзяецца, што ўладам дзяржавы ўдасца ўзяць сытуацыю пад кантроль і вярнуць свой уплыў.
«Вядома, нам неабыякава тое, што адбываецца гэтымі днямі ў Казахстане. Гэта блізкая нам краіна, наш саюзьнік, таму мы ўважліва і з занепакоенасьцю адсочваем сытуацыю. Больш за тое, і па зьмесьце, і па форме падзеі нам знаёмыя. Мэханізмы і інструмэнты бачныя няўзброеным поглядам.
У сувязі з гэтым на дадзеным этапе лічым важным стабілізаваць сытуацыю і спыніць беспарадкі. Спадзяемся, што казахстанскае кіраўніцтва з гэтым справіцца. Гісторыя пераканаўча даказала, што шлях пераваротаў і рэвалюцый ні да чаго добрага не прыводзіць».
2 студзеня ў Жанаэзене пачаліся пратэсты супраць павышэньня цаны на звадкаваны газ, пазьней да іх далучыліся жыхары іншых гарадоў. 4 студзеня ўрадавая камісія, створаная па даручэньні прэзыдэнта Касым-Жамарта Такаева, паабяцала выканаць патрабаваньні дэманстрантаў.
Пасьля трох дзён пратэстаў Такаеў адправіў у адстаўку ўрад, увёў дзяржаўнае рэгуляваньне коштаў і аб’явіў рэжым НС у трох рэгіёнах, але пратэсты працягнуліся. З раніцы 5 студзеня ўдзельнікі дэманстрацый уступаюць у сутыкненьні з паліцыянтамі і спрабуюць захапіць будынкі адміністрацый у буйных гарадах.
Пратэсты ў Казахстане
- Пратэсты ў Казахстане пачаліся 2 студзеня ў горадзе нафтавікоў Жанаэзене пасьля таго, як улады ўдвая павысілі цану на звадкаваны газ. Першапачаткова пратэстоўцы патрабавалі толькі зьнізіць цану.
- 4 студзеня пратэсты сталі масавымі і перайшлі ў сутычкі з паліцыяй. Пратэстоўцы запатрабавалі адстаўкі ўраду і сыходу з палітыкі былога прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева. Яны скандавалі «Шал, кет!» («Стары, сыходзь!»).
- Падчас сутычак сілавікі ўжывалі сьвятлашумавыя гранаты, сьлезацечны газ. Адбываліся перастрэлкі. Пратэстоўцы ўзброіліся арматурай, палкамі, камянямі. Яны білі паліцыю, падпальвалі аўтамабілі. Частка сілавікоў, як у горадзе Актаў, перайшла на бок пратэстоўцаў.
- Пратэсты закранулі амаль усю краіну: горад нафтавікоў Жанаэзен і цэнтар Мангыстаўскай вобласьці Актаў (адкуль пачаліся пратэсты), былую сталіцу краіны і найбуйнейшы горад краіны Алматы, цяперашнюю сталіцу Нур-Султан (былую Астану), буйныя гарады Шымкент, Караганду і Актэбе, а таксама многія іншыя гарады і мястэчкі.
- Ранкам 5 студзеня прэзыдэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў адправіў урад у адстаўку.
- Надзвычайнае становішча ўвялі ва ўсёй краіне. У Нур-Султане, Алматы, Мангыстаўскай вобласьці ўвялі камэнданцкі час.
- Эпіцэнтрам пратэстаў стаў горад Алматы.
- 5 студзеня пратэстоўцы ўварваліся ў акімат Алматы, захапілі былую прэзыдэнцкую рэзыдэнцыю, разграмілі будынак з офісам кіруючай партыі «Нур-Отан». У будынку акімату і пракуратуры Алматы, а таксама былой рэзыдэнцыі пачаўся пажар. Пратэстоўцы захапілі і разграмілі будынак тэлеканала «Мир24» і яшчэ некалькіх тэлеканалаў. Завалодалі будынкам Камітэту нацыянальнай бясьпекі ў Алматы.
- Увечары 5 студзеня пратэстоўцы захапілі аэрапорт у Алматы.
- У Алматы шмат разгромленых будынкаў, крамаў, спаленых аўтамабіляў.
- 5 студзеня ва ўсёй краіне адключылі правадны інтэрнэт і галасавую сувязь, дагэтуль блякавалі мабільны інтэрнэт. Спынілі вяшчаньне буйныя тэлеканалы Казахстану.
- Пачаліся страйкі. Спынілі вытворчасьць мэталюргічныя заводы ў горадзе Балхаш, нафтагазавае прадпрыемства «Мангыстаўмунайгаз» у Мангыстаўскай вобласьці.
- 5 студзеня прэзыдэнт краіны Такаеў заявіў, што ўзначаліць Раду бясьпекі Казахстану замест Назарбаева, і паабяцаў дзейнічаць «максымальна жорстка». Назарбаеў пайшоў у адстаўку. У горадзе Талдыкарган пратэстоўцы павалілі помнік Назарбаеву.
- Пратэстоўцы запатрабавалі таксама сыходу з пасады Такаева.
- У ноч на 6 студзеня Такаеў запрасіў дапамогі ў АДКБ.
- 6 студзеня першыя вайскоўцы ў межах місіі АДКБ прыбылі ў Казахстан.
- На 6 студзеня казаскія мэдыя паведамілі пра дзясяткі забітых сярод цывільнага насельніцтва, 18 ахвяраў сярод сілавікоў, параненыя 748 праваахоўнікаў. Вярхоўны камісар ААН заявіў пра прыкладна тысячу параненых чалавек толькі ў Алматы.
- 6 студзеня МУС Казахстана паведаміла пра 2298 затрыманых. Тым часам на афіцыйным узроўні Астану перасталі называць Нур-Султанам, як назвалі горад у гонар дыктатара Назарбаева.
- 7 студзеня Міністэрства ўнутраных спраў Казахстану паведаміла, што падчас так званай «зачысткі» ў самым буйным горадзе краіны, Алматы, загінулі 26 «узброеных злачынцаў», яшчэ 18 атрымалі раненьні, а ўсе адміністрацыйныя будынкі ў гарадах Казахстану «вызваленыя і ўзятыя пад узмоцненую ахову».
- Таксама ў выніку «сутыкненьня з хуліганскім натоўпам» параненыя 216 вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі ў Алматы і Шымкенце, паведаміла прэс-служба вайсковага фармаваньня.
- Раніцай 7 студзеня прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў на пасяджэньні контратэрарыстычнага штабу заявіў, што «ў значнай ступені наведзены канстытуцыйны лад ва ўсіх рэгіёнах краіны».
- Пазьней 7 студзеня Такаеў выступіў са зваротам да грамадзянаў краіны, у якім заявіў, што даў загад праваахоўным органам і войску адкрываць агонь на паражэньне без папярэджаньня.
- 9 студзеня Такаеў выдаліў свой твіт пра тое, што на Казахстан нібыта напалі 20 тысяч тэрарыстаў, але на наступны дзень сказаў, што «ў агрэсіі супраць Казахстану ўдзельнічалі баявікі з цэнтральнаазіяцкіх краінаў, Афганістану і Блізкага Ўсходу».
- У той жа дзень стала вядома пра дзьве сьмерці: кіраўніка абласной паліцыі і палкоўніка камітэту нацбясьпекі.
- Паводле расьсьледаваньня The Telegraph, малодшая дачка Назарбаева вывела з Казахстану 300 мільёнаў даляраў і патраціла частку грошай на нерухомасьць за мяжой.
- Раніцай 11 студзеня Такаеў заявіў, што кантынгент АДКБ пачнуць выводзіць з Казахстану праз 2 дні. Ён запэўніў Мажыліс у тым, што ўлады ўсё вярнулі пад кантроль.