Пра гэта паведамляе Літоўскі саюз журналістаў.
«Супольнасьць журналістаў Літвы зь непакоем сочыць за тым, як чыняць рэпрэсіі і спрабуюць патапіць свабодныя СМІ ў Беларусі. Журналістаў закрываюць у турмах, і літоўскія журналісты адчуваюць боль. Таму ў знак салідарнасьці зь беларускімі журналістамі, што знаходзяцца за кратамі, літоўская супольнасьць журналістаў вырашыла заснаваць для іх прэмію „Надзея свабоды“», — паведаміў кіраўнік Літоўскага саюзу журналістаў Дайнюс Радзявічус.
Прэмія была заснаваная ў 2020 годзе. Яе ініцыятары і мэцэнаты — дэпутат Казіс Старкявічус, яго сям’я і дзьве арганізацыі літоўскіх журналістаў.
Кандыдатуру Андрэя Аляксандрава прапанавалі беларускія журналісцкія арганізацыі. Андрэй Аляксандраў — журналіст і мэдыямэнэджар, раней быў намесьнікам гэнэральнага дырэктара БелаПАН.
Быў арыштаваны 12 студзеня 2021 года разам з Ірынай Злобінай. У чэрвені Аляксандраву выставілі абвінавачаньне паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу («здрада дзяржаве»). Яму пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўленьня волі.
Хто такі Андрэй Аляксандраў
Андрэя Аляксандрава і ягоную сяброўку Ірыну Злобіну затрымалі 12 студзеня. 14 студзеня ў межах іхнай справы прайшоў ператрус у офісе інфармацыйнай кампаніі БелаПАН.
Спачатку Аляксандрава абвінавацілі паводле частак 1 і 2 артыкула 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). 30 чэрвеня Аляксандраву выставілі новае абвінавачаньне — паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу (здрада дзяржаве). Яму пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўленьня волі.
- Андрэй Аляксандраў нарадзіўся 27 студзеня 1978 году ў Ніжнім Тагіле.
- Дзяцінства прайшло ў Паставах. Скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Журналісцкую кар’еру пачынаў у Наваполацку, у незалежнай гарадзкой газэце «Хімік».
- У 2009–2012 гадах быў намесьнікам старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ).
- Вучыўся ў Вялікай Брытаніі, атрымаў ступень магістра мэдыямэнэджмэнту ў Вэстмінстэрскім унівэрсытэце ў Лёндане.
- Быў штатным супрацоўнікам міжнародных праваабарончых журналісцкіх арганізацыяў Index on Censorship і Article 19. Але вярнуўся ў Беларусь.
- У 2015–2018 быў намесьнікам дырэктара інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. Пасьля працаваў у агенцтве мэдыякансультантам на дамове.
- Андрэй любіць футбол (заўзее за «Лівэрпуль»), літаратуру, піша вершы.