Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На рэдактара сайта Intex-press склалі пратакол за «экстрэмісцкія матэрыялы», ён абвяргае, што іх запампоўваў у кампутар


У сьнежні 2021 году ўлады заблякавалі доступ да сайту баранавіцкага выданьня Intex-press.
У сьнежні 2021 году ўлады заблякавалі доступ да сайту баранавіцкага выданьня Intex-press.

Рэдактара Intex-press Руслана Равяку абвінавацілі ў захоўваньні «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. Файл з кнігай Гітлера Mein Kampf знайшлі ў ягоным канфіскаваным кампутары.

Кампутар забралі ў Равякі супрацоўнікі КДБ у ліпені 2021 году падчас ператрусу ў рэдакцыі Intex-press.

Як патлумачыў сам журналіст, гэтым кампутарам ён карыстаўся прыкладна з 2013 ці 2015 году, але файл са згаданай кнігай пазначаны 2007 годам.

Равяка не пагадзіўся са складзеным на яго пратаколам, паведаміла Беларуская асацыяцыя журналістаў.

«На мяне склалі адміністрацыйны пратакол за захоўваньне матэрыялаў, унесеных у сьпіс экстрэмісцкіх. Я напісаў, што ня згодны з пратаколам, бо ня ведаю, адкуль у кампутары зьявіўся гэты файл», — расказаў Руслан Равяка.

Суд у гэтай справе прызначаны на 12 студзеня ў Баранавічах. Кампутар журналіста цяпер знаходзіцца ў міліцыі.

Што трэба ведаць пра экстрэмізм у Беларусі

14 траўня 2021 году быў падпісаны закон «Аб зьмене законаў у пытаньнях супрацьдзеяньня экстрэмізму», які набыў моц 14 чэрвеня. Раней праект у Палату прадстаўнікоў унёс урад, 2 красавіка яго прынялі ў першым чытаньні, а 16 красавіка — у другім. Нягледзячы на тое, што зьмены закранаюць правы, свабоды і абавязкі грамадзян і юрыдычных асобаў, публічныя абмеркаваньні не праходзілі.

У Беларусі прызнаныя экстрэмісцкімі звыш 300 тэлеграм-рэсурсаў.

Тэлеграм-канал можа прызнавацца як экстрэмісцкім матэрыялам, так і экстрэмісцкім фармаваньнем. Калі ў яго статус «экстрэмісцкага фармаваньня», ягоныя падпісчыкі таксама могуць стаць фігурантамі крымінальных спраў. У той жа час падпіска на каналы, якія прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі», не караецца — пры ўмове, што падпісчык не аказвае падтрымкі ў папулярызацыі каналу: не рэпосьціць, не пералічвае грошай, не зьлівае туды інфармацыю.

«Матэрыялы» і «фармаваньні» сілавікі разьмяжоўваюць так: «экстрэмісцкія матэрыялы» — гэта тое, што робіць чалавек, а «экстрэмісцкія фармаваньні» — тыя, хто робіць.

Пры гэтым у МУС Беларусі адзначаюць, што стваральнікам, арганізатарам і ўдзельнікам экстрэмісцкіх фармаваньняў пагражае пазбаўленьне волі да 7 гадоў.

Першыя экстрэмісцкія фармаваньні ў Беларусі вызначылі ў сярэдзіне кастрычніка — інтэрнэт-рэсурсы dze. chat і «Рабочы рух». Цяпер іх ужо дзясяткі.

Прыцягнуць да адказнасьці за «экстрэмізм» цяпер могуць па цэлым шэрагу напрамкаў.

  • Экстрэмісцкія матэрыялы — рашэньне суду, якое прымаецца ў дачыненьні да інфармацыі.
  • Экстрэмісцкая група — устойлівая кіраваная група ў колькасьці дзьвюх ці больш асоб, якія папярэдне аб’ядналіся для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці.
  • Экстрэмісцкая арганізацыя — арганізацыя, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, альбо якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята і ўступіла ў законную сілу рашэньне суду аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.
  • Экстрэмісцкае фармаваньне — група грамадзян, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, або якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята рашэньне Міністэрства ўнутраных спраў або Камітэту дзяржаўнай бясьпекі аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG