29 сьнежня ў Санкт-Пецярбургу адбылася шостая сёлета сустрэча Лукашэнкі з Пуціным. З афіцыйных паведамленьняў цяжка зрабіць выснову, якія важныя тэмы абмяркоўваліся на перамовах. Пры адсутнасьці зьмястоўнай інфармацыі выкажу гіпотэзу.
Сьцісла:
- Можна меркаваць, што галоўным пытаньнем перамоваў стала праблема транзыту ўлады ў Беларусі.
- Праводзіць рэфэрэндум у піку Маскве Лукашэнку ня вельмі камфортна і нават трохі небясьпечна.
- Расея ўступіла ў востры канфлікт з Захадам, таму Лукашэнка патрэбны Пуціну.
- Міжнародная сытуацыя спрыяе Лукашэнку.
На мой погляд, галоўным пытаньнем перамоваў стала праблема транзыту ўлады ў Беларусі. Дакладней, яго адсутнасьці.
Рэч у тым, што ў верасьні 2020 году Лукашэнка паабяцаў Пуціну пачаць транзыт улады і сыход у адстаўку. Гэта было ўмоваю расейскай падтрымкі. Пра гэта пасьля тых перамоваў у Сочы адкрытым тэкстам казаў міністар замежных справаў РФ Сяргей Лаўроў. Уласна, дзеля гэта і была запушчана канстытуцыйная рэформа.
Але прайшоў год, шмат што зьмянілася. І Лукашэнка ўвесь час спрабуе неяк адкруціцца ад выкананьня сваёй абяцанкі.
Спачатку Лукашэнка імкнуўся прапхнуць варыянт, калі ён застаецца ва ўладзе ў статусе кіраўніка Ўсебеларускага народнага сходу. Цяжка сказаць, наколькі такая задума спадабалася Пуціну. У кожным разе, увосень паміж Менскам і Масквою ўзьнікла напружаньне, якое выплюхнулася на публіку. Можна ўзгадаць пажаданьне Пуціна, каб Лукашэнка пачаў перамовы з апазыцыяй. Можна меркаваць, што бакі не паразумеліся менавіта праз пытаньне транзыту ўлады.
Цяпер жа Лукашэнка ўвогуле адмовіўся сыходзіць з пасады, прынамсі да 2025 году. Менавіта гэта вынікае з надрукаванага праекту Канстытуцыі. Для Лукашэнкі важна, як на тое прарэагуе Пуцін. Бо праводзіць рэфэрэндум у піку Маскве ня вельмі камфортна і нават трохі небясьпечна.
А што ж Пуцін? На мой погляд, ён рэагаваў даволі спакойна. Бо за год становішча моцна памянялася.
Найперш, Лукашэнка ўзяў сытуацыю ў Беларусі пад кантроль — пратэсты задушаныя.
Другое, што памянялася, больш важнае. Расея ўступіла ў востры канфлікт з Захадам. Бакі абменьваюцца пагрозамі. У стане такога супрацьстаяньня Лукашэнка патрэбны Пуціну. Як адзіны хаўрусьнік, гатовы падтрымаць Маскву ў канфрантацыі з заходнімі краінамі. Як чалавек, гатовы бегчы наперадзе паравоза, троліць, правакаваць усё новыя канфлікты з ЭЗ і ЗША (узгадаем мігранцкі крызіс). Лукашэнка можа публічна казаць такія рэчы, якія нязручна дэкляраваць і рабіць самой Расеі. Напрыклад, пужаць Захад разьмяшчэньнем на тэрыторыі Беларусі ядзернай зброі.
Чым вастрэйшая канфрантацыя паміж Расеяй і Захадам, тым больш шанцаў у Лукашэнкі заставацца ва ўладзе і мець падтрымку Масквы.
Міжнародная сытуацыя спрыяе беларускаму кіраўніцтву. І цяпер яму можна спакойна праводзіць рэфэрэндум.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.