Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 28 сьнежня: палітычныя «чысткі» ў Гомельскім і Магілёўскім тэатрах; блогера Кабанава перавялі на турэмны рэжым

абноўлена

Суд у Гомлі, ілюстрацыйнае фота
Суд у Гомлі, ілюстрацыйнае фота

Перасьлед беларусаў за іх грамадзкую і палітычную пазыцыю не спыняецца. Свабода працягвае штодня весьці яго хроніку.

З гомельскага тэатру пасьля пасквілю на праўладным тэлеграм-канале звальняюцца акторка, касьцюмэр і прэс-сакратар

У Гомельскім абласным драматычным тэатры ў выніку ціску кіраўніцтва звольніліся акторка Ганна Кавалькова, касьцюмэр Ірына Тарнаўская і прэс-сакратар Уладзімер Ступінскі, паведамляе «Флагшток».

На мінулым тыдні адзін з праўладных тэлеграм-каналаў апублікаваў пасквілі на Ганну і яшчэ двух супрацоўнікаў тэатру. Іх абвінавацілі ў неляяльнасьці да ўлады, допісах і камэнтарах на facebook, якія нібыта зьмяшчаюць «экстрэмізм».

Ганна Кавалькова так пракамэнтавала «Флагштоку» тое, што адбылося: «Калі ў аблвыканкам трапілі матэрыялы з тэлеграм-каналу „Желтые сливы“, рэакцыя была імгненнай. З гэтай жа прычыны былі звольненыя прэсавы сакратар і касьцюмэр. У наш час даносы сталі звычайнай зьявай. Цяпер па ўсёй Беларусі ідзе зачыстка. Мяне пазбавілі выбару. Якія мне ўмовы прапаноўвалі, я зараз не гатовая назваць. Скажу адно, адчуваньне было брыдкае».

Пасьля жніўня 2020 году кіраўніцтва Гомельскага драматычнага тэатру таксама ціснула на работнікаў і не працягвала працоўных кантрактаў з тымі, хто выявіў неляяльнасьць дзейнаму рэжыму.

Новыя звальненьні ў Магілёўскім драматычным тэатры

Інтэрнэт-выданьне 6TV паведаміла, што з Магілёўскага драматычнага тэатру звольнілі Аляксандра Баля — вядомага барда, ляўрэата мноства прэміяў, які, да таго ж, зусім нядаўна стаў пераможцам фэстывалю аўтарскай песьні «Пакроўскі сабор» (гэта найбуйнейшы фэст падобнага фармату ў постсавецкіх краінах).

Паводле інфармацыі выданьня, Аляксандру Балю было настойліва прапанавана пайсьці з тэатру з прычыны яго грамадзянскай пазыцыі. У тэатры Баль быў загадчыкам музычнай часткі.

Акрамя таго, рэжысэр і актор тэатру Ўладзімер Пятровіч, якога затрымлівалі ў жніўні 2020 году, у сваім фэйсбуку паведаміў, што больш не выконвае функцыю рэжысэра ў Магілёўскім тэатры, піша MayDay.

Раней з тэатру звольнілі дырэктара Андрэя Новікава і загадчыцу літаратурнай часткі Вольгу Семчанку.

Палітвязьня Аляксандра Кабанава перавялі на турэмны рэжым у Магілёў

Яшчэ 14 сьнежня такое рашэньне прыняла судзьдзя ў Наваполацку Ірына Жарава. Аляксандар Кабанаў пасьля наваполацкай калёніі № 1 апынуўся ў магілёўскай турме № 4.

Раней у калёніі Аляксандра пакаралі 6 месяцамі знаходжаньня ў памяшканьні камэрнага тыпу за «сыстэматычныя парушэньні правілаў утрыманьня». Палітвязень прадбачыў, што яго могуць перавесьці на турэмны рэжым:

«І, падобна, да Новага году будзе суд, і мяне перавядуць на іншы рэжым — турэмны. Альбо ў Магілёў, альбо ў Жодзіна. Перадачаў больш ня будзе амаль да канца тэрміну, спатканьняў таксама, пра званкі ня ведаю. Атаваркі ў мяне няма. Ну неяк так...»

Аляксандар Кабанаў асуджаны на 3 гады пазбаўленьня волі паводле ч. 1 арт. 342 і арт. 369 КК. У няволі палітвязьня трымаюць ужо 1,5 года.

Дырэктару ДК, які залез на дуб у знак пратэсту супраць высечкі дрэваў у Ахове, далі яшчэ 15 дзён арышту

Стала вядома, што дырэктару сельскага дому культуры ў аграгарадку Ахова Аляксандру Дземчуку прысудзілі яшчэ 15 содняў арышту за непадпарадкаваньне патрабаваньню службовай асобы (артыкул 24.3 КаАП). Пра гэта парталу Zerkalo.io паведамілі Аляксандравы сябры .

23 сьнежня Аляксандра Дземчука ўжо асудзілі на 15 содняў паводле таго ж артыкула. Днём раней ён залез на дрэва, спрабуючы перашкодзіць камунальнікам сьсякаць векавыя дубы на могілках у вёсцы Ахова пад Пінскам. Тады на могілкі прыйшлі таксама мясцовыя пэнсіянэры, якія пярэчылі супраць высяканьня дрэваў, і заявілі, што не прапусьцяць камунальнікаў. У выніку на могілкі прыехаў АМАП. Дрэвы, нягледзячы на пратэсты мясцовых жыхароў, сьпілавалі.

Затрымалі жонку зьняволенага Арцёма Анішчука

Як стала вядома праваабаронцам, у Менску супрацоўнікі ГУБАЗіК затрымалі на працы Вольгу Анішчук, жонку асуджанага фігуранта справы «пяцёркі, якая пашкодзіла машыну супрацоўніка ДВП Аляксандра Гейца». Вядома, што яе павезьлі ў будынак ГУБАЗіК на вуліцы Рэвалюцыйнай, піша «Вясна».

Раніцай Вольга паведаміла, што ёй тэлефанаваў сьледчы з Магілёва і сказаў, што яна сьведка ў справе. Ён хацеў, каб яна дала паказаньні супраць мужа: «Сказаў, нібыта за абразу ў сетцы інтэрнэт».

Пазьней стала вядома, што супрацоўнікі ГУБАЗіК правялі ператрус у кватэры Анішчукоў у сувязі з заведзенай супраць Арцёма крымінальнай справай, сканфіскавалі стары тэлефон Арцёма і тэлефон Вольгі. Пасьля допыту Вольгу адпусьцілі на волю.

Арцём Анішчук раней заяўляў пра катаваньні і пабіцьцё ў Магілёўскай папраўчай калёніі № 15, супраць яго заводзілі крымінальную справу паводле арт. 411 Крымінальнага кодэксу (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы). Па фактах публікацыяў у інтэрнэце праводзілі праверку дзеяньняў Вольгі паводле артыкулу за паклёп на начальніка калёніі № 15.

Нядаўна стала вядома, што супраць Арцёма Анішчука завялі крымінальную справу паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу — за абразу міліцыянта ў закрытым тэлеграм-чаце да яго затрыманьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG