Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Талібы забаранілі кіроўцам уключаць музыку і вазіць жанчын без хіджабаў


Паездкі больш чым на 72 км – толькі ў суправаджэньні мужчын.

Кіраўніцтва руху «Талібан» забараніла вазіць жанчын без хіджаба ў аўтамабілях і дапускаць на борт самалёта, піша DW.

Кіроўцам таксама забаронена ўключаць музыку і дапускаць у аўтамабіль жанчын без мужчынскага суправаджэньня, калі яны зьбіраюцца праехаць больш за 72 кілямэтры. Жанчыну можа суправаджаць муж ці блізкі сваяк.

Апроч гэтага, дырэктыва «Талібану» абавязвае кіроўцаў рабіць перапынкі на малітвы, а таксама раіць мужчынам адрошчваць бароды.

Прадстаўнікі групоўкі «Талібан» захапілі ўладу ў Афганістане ў жніўні 2021 году. Яны неаднаразова сьцьвярджалі, што маюць намер датрымліваць правы жанчын, але ўрэшце іх моцна абмежавалі і працягваюць гэта рабіць. Так, талібы забаранілі жанчынам у Афганістане займацца спортам, а вучыцца ў школах і ВНУ дазволілі толькі асобна ад мужчын і толькі пры наяўнасьці адзеньня, якое цалкам закрывае іх твары і целы.

Талібы не рэкамэндавалі жанчынам выходзіць з дому без суправаджэньня сваяка мужчынскага полу, а мэр Кабулу параіў жанчынам — муніцыпальным службоўцам заставацца дома, калі іх працу можа выконваць мужчына. Фактычна яго рашэньне азначае забарону жанчынам працаваць у дзяржаўным сэктары, з выняткам асобных пасад.

Усіх журналістак і тэлевядоўцаў-жанчын у краіне абавязалі зьяўляцца на экране з пакрытай галавой; жанчынам таксама забаранілі здымацца ў сэрыялах. Лекарам у афганскай правінцыі Газьні забаронена аказваць дапамогу жанчынам, калі іх на кожны прыём не суправаджае мужчына.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG