Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колішняга гульца зборнай Беларусі другі раз будуць судзіць за арганізацыю дамоўных матчаў


Футбол і подкуп, ілюстрацыйнае фота
Футбол і подкуп, ілюстрацыйнае фота

Сьледчы камітэт завяршыў расьсьледаваньне дамоўнага матчу на чэмпіянаце Беларусі ў футболе. За спробу подкупу прафэсійнага гульца клюбу Першай лігі затрымалі 44-гадовага ўраджэнца Магілёва.

Гаворка ідзе пра гульню «Нафтан» (Наваполацак) — «Лякаматыў» (Гомель), якая адбылася 29 жніўня 2021 году. Абвінавачаны хацеў гарантаваць сабе выйгрыш стаўкі на гэты матч і дамовіўся з гульцом адной з камандаў, каб тая прагуляла сустрэчу за 5000 даляраў. Дзеяньні абвінавачанага кваліфікавалі паводле арт. 14, ч. 2 арт. 253 (замах на подкуп удзельніка спартовага спаборніцтва, учынены паўторна) Крымінальнага кодэксу.

Таксама ў СК паведамляюць, што затрыманы — экс-гулец зборнай у футболе і раней ужо прыцягваўся да крымінальнай адказнасьці за аналягічныя злачынствы. А падчас адбыцьця пакараньня ў папраўчай установе сталіцы ён зрабіў новае.

Размова пра Віталя Ланько. Ён родам з Магілёва, яму 44 гады, правёў 6 матчаў за зборную Беларусі, а па завяршэньні кар’еры быў асуджаны за дамоўныя матчы. У цяперашні момант ён адбывае 3-гадовае пакараньне «хіміяй», якую яму прысудзілі ў ліпені 2020 году ў групе іншых людзей, якія арганізоўвалі дамоўныя матчы.

Сьледзтва ў цяперашняй справе выявіла парушэньні і з боку двух дзейных гульцоў. Судзіць іх не плянуюць, але іх пакарала Фэдэрацыя футболу. Футбаліст магілёўскага «Дняпра» Алег Чмырыкаў дыскваліфікаваны на год і аштрафаваны на 2900 рублёў. Ён рабіў стаўкі на гульні, а таксама не паінфармаваў АБФФ аб тым, што Ланько прапаноўваў яму ўплываць на вынікі футбольных сустрэч.

Другога — Андрэя Штыгеля са «Смаргоняў» — прызналі пэрсонай non grata, бо ён раней ужо прыцягваўся да крымінальнай адказнасьці за ўдзел у дамоўным матчы: яго судзілі ў адной справе з Ланько ў ліпені 2020 і асудзілі на 2 гады грамадзкіх работ. Тады Штыгель гуляў за наваполацкі «Нафтан». Цяпер ён дыскваліфікаваны пажыцьцёва, а статус пэрсоны non grata азначае, што ўсе, хто дзейнічае ад імя АБФФ, мусяць устрымацца ад кантактаў з экс-гульцом.

Паводле інфармацыі, якую раней публікаваў Беларускі фонд спартовай салідарнасьці, сьпіс дамоўных матчаў, што трапілі пад крымінальны ўлік у Беларусі, далёка ня поўны. З дакладу, накіраванага ў Зьвяз эўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЭФА), вынікала, што пра шэраг дамоўных матчаў ведаюць у самой АБФФ, але ня робяць захадаў для супрацьдзеяньня. УЭФА за некалькі месяцаў так і не правяла расьсьледаваньня агучаных фактаў.

Дамоўныя матчы існуюць як у футболе, так і ў іншых відах спорту, камандных і індывідуальных. Гэта форма махлярства, якое мае некалькі відаў: інсцэнаваньне барацьбы на полі замест рэальнага змаганьня; забесьпячэньне асобнымі футбалістамі або цэлай камандай «патрэбнага» выніку ці падзеі на полі, што дыктуе замоўца; узаемная дамоўленасьць дзьвюх дружынаў згуляць зь лікам, што задавальняе абодва бакі, або наўмысная параза аднаго з бакоў за матэрыяльнае заахвочваньне; стаўкі на спартовыя падзеі, часта з уласным удзелам у іх; іншае.

Як адзначаюць футбольныя экспэрты, удзел у арганізацыі дамоўных матчаў няпроста даказаць у судзе. Найчасьцей у схеме ўдзельнічаюць лічаныя людзі, а трэнэры і партнэры футбалістаў, якія гуляюць на канкрэтную задачу, ня ведаюць іхных плянаў. Многія факты высьвятляюцца праз шмат год пасьля таго, як адбыліся, а большасьць так і застаецца здагадкамі і падазрэньнямі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG