23 сьнежня пракурор запрасіў Дуднікаву 11 гадоў пазбаўленьня волі. 27 сьнежня судзьдзя Сяргей Хрыпач агучыў у прысудзе такі самы вырак.
Пра гэта паведаміла Mediazona са спасылкай на словы аднаго з прысутных у залі судовага паседжаньня.
Дуднікава абвінавацілі паводле ч. 3 арт. 130 (распальваньне варожасьці групай асобаў) і ч. 3 арт. 361 (заклікі да прычыненьня шкоды Беларусі) Крымінальнага кодэксу Беларусі. Максымальнае пакараньне ў гэтых артыкулах — 12 гадоў, пракурор запрасіў для Дуднікава 11.
Менскі гарадзкі суд пачаў разгляд справы грамадзяніна РФ Ягора Дуднікава 20 сьнежня. Працэс адразу абвясьцілі закрытым, фармальная прычына — «выключэньне распаўсюду экстрэмісцкай прадукцыі».
Ягору Дуднікаву, які агучваў ролікі для АГСБ (тэлеграм-канал Атрады грамадзянскай самаабароны Беларусі), ставяць у віну 55 галасавых паведамленьняў у тэлеграм-чаце з мэтай «нагнятаньня напружанасьці і канфліктнасьці ў грамадзтве і дзяржаве».
Згодна з матэрыяламі справы, ён іх нібыта разьмясьціў з 19 студзеня па 21 траўня 2021 году. У тэлепраграме палітвязьня назвалі адным з адмінаў каналу АГСБ, які КДБ унёс у сьпіс «тэрарыстычных арганізацыяў».
Ягора Дуднікава трымаюць пад вартай ад 5 траўня. Ягор у лісьце зь СІЗА расказаў, што пасьля затрыманьня сілавікі катавалі яго.
Што такое АГСБ
«Атрады грамадзянскай самаабароны» (АГСБ) — тэлеграм-канал і аднайменны чат, якія ўзьніклі ў верасьні 2020 году. Аўтары тады пісалі, што «рэвалюцыя ня скончылася, яна проста зьмяніла рэчышча», а таксама абяцалі падрыхтаваць «новую канцэпцыю актывізацыі партызаншчыны».
Апошняя публікацыя ў тэлеграм-канале зьявілася сёлета 11 ліпеня — паведамленьне аб закрыцьці чату. 18 жніўня ўлады прызналі АГСБ «тэрарыстычнай арганізацыяй».
Паводле КДБ, прыхільнікі АГСБ нібыта зьбіраліся «адрэзаць язык» прапагандысту Рыгору Азаронку, падарваць вышку сувязі ВМФ Расеі ў Вялейцы і падпальваць лесанарыхтоўчую тэхніку.