Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачаўся суд над палітвязьнем Дуднікавым, грамадзяніну Расеі пагражае да 12 гадоў турмы


Ягор Дуднікаў
Ягор Дуднікаў

Менскі гарадзкі суд пачаў разгляд справы расейца Ягора Дуднікава 20 сьнежня, паведаміла агенцтва ТАСС. Працэс адразу абвясьцілі закрытым.

Як паведамляе "​Вясна«​, справу палітвязьня разглядае судзьдзя Сяргей Хрыпач. Паводле хадайніцтва пракурора суд зрабілі закрытым. Фармальнай прычынай — «выключэньне распаўсюду экстрэмісцкай прадукцыі».

Расейца Ягора Дуднікава, які агучваў ролікі для «АГСБ» (тэлеграм-канал Атрады грамадзянскай самаабароны Беларусі), будуць судзіць у закрытым рэжыме. Гэтак вырашыў судзьдзя Сяргей Хрыпач. Дуднікаву ставяць у віну 55 галасавых паведамленьняў у тэлеграм-чаце з мэтай «нагнятаньня напружанасьці і канфліктнасьці ў грамадзтве і дзяржаве» На тэлевізіі Дуднікава назвалі адным з адмінаў канала ОГСБ, які КДБ унёс у сьпіс тэрарыстычных арганізацый.

Дуднікаву пагражае да 12 гадоў зьняволеньня, пішуць праваабаронцы.

Справу 21-гадовага грамадзяніна Расеі накіравалі ў суд паводле ч. 3 арт. 130 (распальваньне варожасьці) і ч. 3 арт. 361 (заклікі да прычыненьня шкоды Беларусі) Крымінальнага кодэксу. Першапачаткова яго абвінавачвалі толькі па арт. 342 КК.

Згодна з матэрыяламі справы, з 19 студзеня па 21 траўня 2021 году з дапамогай кампутарнай тэхнікі ў адным з Telegram-чатаў «з мэтай нагнятаньня напружанасьці і канфліктнасьці ў грамадзтве і дзяржаве» Дуднікаў нібыта разьмясьціў ня менш за 55 агучаных ім галасавых паведамленьняў пабуджальнага характару.

«Сваімі паведамленьнямі абвінавачаны распальваў сацыяльную варожасьць па прыкмеце прафэсійнай прыналежнасьці. Фармаваў адмоўны вобраз прадстаўнікоў улады і непрыязнасьць да іх. Схіляў грамадзян да заплянаваных супрацьпраўных дзеяньняў. Ён жа ў Telegram-чаце заклікаў да захопу дзяржаўнай ўлады, гвалтоўнага зьмяненьня канстытуцыйнага ладу, узьнікненьня масавых беспарадкаў з гвалтам да прадстаўнікоў улады, а таксама іншых дзеяньняў на шкоду нацыянальнай бясьпецы краіны», — гаворыцца ў тлумачэньні пракуратуру.

Ягора Дуднікава трымаюць пад вартай ад 5 траўня. Крымінальную справу супраць расейца распачалі праз тое, што ён агучваў відэаролікі і аўдыёпаведамленьні ў тэлеграм-канале «АГСБ». Ягор празь ліст зь СІЗА расказаў пра тое, што пасьля затрыманьня сілавікі катавалі яго.

Што такое АГСБ

«Атрады грамадзянскай самаабароны» (АГСБ) — тэлеграм-канал і аднайменны чат, якія ўзьніклі ў верасьні 2020 году. Аўтары тады пісалі, што «рэвалюцыя ня скончылася, яна проста зьмяніла рэчышча», а таксама абяцалі падрыхтаваць «новую канцэпцыю актывізацыі партызаншчыны».

Апошняя публікацыя ў тэлеграм-канале зьявілася сёлета 11 ліпеня — паведамленьне аб закрыцьці чата. 18 жніўня ўлады прызналі АГСБ «тэрарыстычнай арганізацыяй».

Паводле КДБ, прыхільнікі АГСБ нібыта зьбіраліся «адрэзаць язык» прапагандысту Рыгору Азаронку, падарваць вышку сувязі ВМФ Расеі ў Вілейцы і падпальваць лесанарыхтоўчую тэхніку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG