Бульвар у межах вуліц Кірава, Леніна, Ульянаўскай і стадыёну «Дынама» атрымаў назву «бульвар 17 верасьня», гэта адбылося «ў гонар дня народнага адзінства», пішуць «Минск-Новости».
Таксама ў раёне Масюкоўшчына зьявілася вуліца імя расейскага пісьменьніка Сьцяпана Злобіна, а ў цэнтры гораду афіцыйна займелі назвы гістарычныя кварталы: Верхні Горад, Ракаўскае Прадмесьце і Траецкая Гара.
Нагадаем, што раней улады ня раз адмаўляліся прысвоіць сталічнай вуліцы імя славутага беларускага пісьменьніка Васіля Быкава.
Дата 17 верасьня — неадназначная ў беларускай гісторыі. Яе па-рознаму ўспрымаюць і ацэньваюць айчынныя гісторыкі, а ў Польшчы прызначэньне дзяржаўнага сьвята ў Беларусі на гэтую дату выклікала вострую крытыку.