Як паведамілі нам чытачы, аналягічная бяда насьцігла старыя могілкі ў Дзятлаўскім раёне. Сьпілавалі дрэвы на могілках у вёсцы Вялікая Воля, бо спатрэбіўся лес. Гэта менавіта тая вёска, што была цалкам зьнішчаная ў часы фашыскай акупацыі.
Разам з дрэвамі пацярпелі і могілкі: на фота відаць павалены надмагільны крыж, зламаныя агароджы, закіданыя расьпілаваным бярвеньнем магілы.
Сьпілоўваньне старых дубоў на Піншчыне
Гэта ўжо другі падобны выпадак за апошні час: 22 сьнежня на могілках вёскі Ахова пад Пінскам пачалі сьпілоўваць старыя дубы. Раней тут прайшлі грамадзкія слуханьні, на якіх абмяркоўвалася высяканьне некалькіх дрэваў. Прычынай стаў зварот жыхароў, чые сваякі пахаваныя на вясковых могілках. У выніку 29 чалавек прагаласавалі за тое, каб дрэвы, якія тэарэтычна могуць пашкодзіць помнікі, сьпілавалі. Блізу дзясятка выказаліся супраць, бо гэта ня проста старыя дрэвы, а гістарычная каштоўнасьць. Мяркуецца, што некаторым дубам 200-300 гадоў.
Пінскі райвыканкам яшчэ ўвесну адказаў, што працы па высяканьні дубоў праводзіць ня будуць, бо батанікі з інстытуту імя Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук зацікаўленыя ў грунтоўным абсьледаваньні. Згодна з экспэртызай, усе дрэвы на могілках здаровыя і моцныя. Аднак у сьнежні векавыя дубы ўсё ж пайшлі пад пілу.
Мясцовыя пэнсіянэры выступілі супраць сьпілаваньня дубоў. На могілкі прыехаў АМАП і службы ДАІ, затрымалі дырэктара Дома культуры Аляксандра Дзямчука, які зьбіраў подпісы і выступаў за захаваньне дрэваў. Учора, паводле сваякоў Дземчука, суд пакараў яго 15 суткамі арышту. Сёньня, згодна з раскладам судоў, яго будуць судзіць яшэ раз — і зноў за непадпарадкаваньне патрабаваньням міліцыянта.