Лінкі ўнівэрсальнага доступу

130 гадоў таму нарадзілася Ўладзіслава Луцэвіч. 20 фактаў пра жонку Купалы


Янка Купала і Уладзіслава Луцэвіч, 1916 г.
Янка Купала і Уладзіслава Луцэвіч, 1916 г.

25 сьнежня спаўняецца 130 гадоў зь дня нараджэньня Ўладзіславы Луцэвіч, жонкі Янкі Купалы, стваральніцы ягонага музэю і выдатнага пэдагога свайго часу.

Тэкст упершыню апублікаваны на нашым сайце 25 сьнежня 2016 года.

Яна, францужанка з паходжаньня, цудоўна размаўляла на мовах Заля і Багушэвіча, мела выбухова-карнавальны тэмпэрамэнт, ня мела ўласных дзяцей, але многія выхаванцы лічылі яе сваёй маці.

Уладзіслава Луцэвіч у маладосьці
Уладзіслава Луцэвіч у маладосьці



1. Яе раздражняла марудлівасьць беларусаў

Любіла, каб любая справа рабілася вельмі хутка, бяз доўгага валаводжаньня. Калі пасылала каго-небудзь з даручэньнем, то абавязкова казала: «Толькі, калі ласка, хуценька, на адной назе...»

2. Яе маці не была раднёй славутаму імпрэсіяністу Клоду Манэ

Доўгі час лічылася, што Ўладзіслава Францаўна паходзіць па матчынай лініі з роду мастака Клода Манэ, але, паводле навуковага сакратара Дзяржаўнага літаратурнага музэю Янкі Купалы Галіны Варонавай, «маці Ўладзіславы, Эмілія Манэ, прозьвішча займела ад першага мужа. Пасьля разводу яна прыехала з Парыжу на Валожыншчыну, у Вішнева, працаваць гувэрнанткай. Тут выйшла замуж за лясьнічага Франца Станкевіча, ад шлюбу зь якім і нарадзілася Ўладка».

Янка Купала
Янка Купала

3. Янка Купала любіў казаць, што, дзякуючы сваёй жонцы, парадніўся з Дуніным-Марцінкевічам

Вікенці Станкевіч (брат Уладзіславы Луцэвіч) склаў радавод і даведаўся, што пляменьнік аўтара «Ідыліі» Баляслаў быў жанаты зь Вінцэнцінай Руткоўскай са шляхецкай наваградзкай сям’і. З гэтай жа сям’і была і бабка Ўладзіславы Тэкля. Купала любіў казаць, што, ажаніўшыся, можа сябе лічыць сваяком Дуніна-Марцінкевіча.

Цётка (Алаіза Пашкевіч)
Цётка (Алаіза Пашкевіч)

4. Для сям’і Ўладзіславы яе цяга да беларушчыны была «надуманай непатрэбшчынай»

Псыхалягічна яе выдатна падтрымлівала Цётка: «Цётцы мяне прадставілі як «заядлую беларуску». Яна шчыра абняла мяне, пацалавала і сказала: «Вот малайчына!» Гэта мяне вельмі расчуліла, бо звычайна ня толькі чужыя, але і хатнія сьмяяліся нада мной і дакаралі за беларускасьць як за «надуманую непатрэбшчыну».

Маці Янкі Купалы
Маці Янкі Купалы

5. Сьвякроў пасьмейвалася зь яе мітусьлівасьці

Ва ўспамінах Заіра Азгура: «Цёця Ўладзя ў другім пакоі рыхтавала стол. Яна вельмі мітусілася. А старая маці Янкі Бянігна Іванаўна, сьмеючыся, казала: «Гэта не лапша, не хапай».

Першы рэдактар «Нашай нівы» Аляксандр Уласаў
Першы рэдактар «Нашай нівы» Аляксандр Уласаў

6. Пад кулямі палякаў рабіла разам з Аляксандрам Уласавым марожанае

Паводле пляменьніцы Аляксандра Ўласава Веры Ніжанкоўскай: «Тыповым для Сашы [Аляксандра Ўласава. — В. Дэ Эм.] быў выпадак, пра які гаварыла Ўладзіслава Францаўна Луцэвіч. У дваццатых гадох Менск быў пад абстрэлам. Здаецца, наступалі палякі. Усе нэрваваліся. Пад бамбёжку да Купалаў зьяўляецца дзядзька i кажа: „Цётка Купаліха, у вас ёсьць малако, я прынёс цукар, будзем рабіць марожанае“. Уладзіслава Францаўна кажа: „Дзядзька, вы звар’яцелі? Нас могуць у кожны момант забіць!“. Але Саша гэтак прычапіўся, што нарэшце ўсе ўзяліся за справу, і пакуль круцілі марожанае, прайшлі самыя страшныя моманты, i ўсе былі ўдзячныя дзядзьку».

Юзэф Пілсудзкі
Юзэф Пілсудзкі

7. Дзякуючы яе рэжысэрскім стараньням, верш Янкі Купалы стаў самым запамінальным нумарам на вечарыне Юзэфа Пілсудзкага

Па ўспамінах мастака Яўгена Ціхановіча: «Быў гэткі выпадак, калі цётка Ўладзя ўзяла да сябе Люсю Галубок [дачку Ўладзіслава Галубка. — В. Дэ Эм.] на пару дзён, каб Люся вывучыла вершы Купалы пад яе кіраўніцтвам. Рэпэтыцыі адбываліся ў Доме І зьезду РСДРП, дзе тады й жыла сям’я Купалы. Цётка Ўладзя як былая настаўніца валодала сакрэтамі падыходу да дзяцей — ёй лёгка было працаваць з таленавітай дзяўчынкаю. (...) Вечар быў прысьвечаны Юзафу Пілсудзкаму, які сядзеў у ложы гарадзкога тэатру, абапіраючыся на шаблю. Ён пяшчотна глядзеў на маленькую дзяўчынку і праз свае вялікія вусы ўсьміхаўся. Пэўна, падабалася яму маленькая дзяўчынка, што гэтак добра чытала беларускі прывітальны верш ад Купалы. „Гэты вечар, — казала Люся Галубок, — запомніўся мне болей за ўсё, бо той вусаты дзядзька кінуў кветкі да маіх ног, а потым доўгі час людзі пляскалі ў далоні, стоячы“».

Менскі гарадзкі тэатар. Цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы
Менскі гарадзкі тэатар. Цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы

8. Натхняла маладых літаратараў на напісаньне п’ес, якія яна і ставіла

З успамінаў Андрэя Александровіча: «У беларускай працоўнай школе, дзе я вучыўся, быў створаны літаратурны гурток, шэфам якога (...) была цёця Ўладзя. Яна забясьпечвала наш гурток мастацкай літаратурай. (...) Аднойчы Ўладзіслава Францаўна прапанавала нам прыняць удзел у пастаноўцы дзіцячай п’есы „Пастушкі“, якую, як яна казала, напісаў па яе просьбе малады пісьменьнік Міхась Кудзелька (Чарот). П’есу меркавалася паставіць у дні канікул для школьнікаў гораду. (...) Спэктакль адбыўся ў Менскім гарадзкім тэатры (цяпер тэатар імя Янкі Купалы). Партэр і ярусы былі запоўнены дзецьмі і настаўнікамі. У ложы сядзелі разам з прадстаўнікамі Наркамасьветы Янка Купала і аўтар п’есы Міхась Чарот».

9. У 1930-я гады крытычна выказвалася пра выкарыстаньне ў навучальным працэсе казкі

Паводле навукоўцы Натальлі Старжынскай: «Не пазьбегла агульнай памылкі і Ў.Ф.Луцэвіч, якая таксама выступала з крытыкай тэматыкі і зьместу чарадзейных казак (...). У праграмных дакумэнтах, мэтадычных матэрыялах (...) асуджалася выкарыстаньне ў навучальным працэсе народнай казкі пад маркай таго, што, маўляў, антрапамарфізм, фантастычны зьмест, асабліва чарадзейнай казкі, зусім недаступныя малодшым дзецям і нават шкодныя, паколькі ідуць насуперак матэрыялістычнаму сьветапогляду».

Яўген Мікалаевіч Ціхановіч. Партрэт У.Ф.Луцэвіч. 2004.
Яўген Мікалаевіч Ціхановіч. Партрэт У.Ф.Луцэвіч. 2004.

10. Ведала нотную грамату і супольна зь Янкам Купалам пісала песьні для дзяцей

Паводле пэдагога Кастуся Пуроўскага: «Часта заходзіла цёця Ўладзя, а зь ёю часам і Янка Купала да нас у школу, каб запісаць на ноты мэлёдыю той ці іншай песьні. Трэба было дзівіцца, адкуль яна іх брала, — і мэлёдыі, і словы (...): «Сядзім іншы раз дома зь Янкам (...) і выдумляем: ён словы падбірае, а я ўжо за кампазытара...»

Якуб Колас
Якуб Колас

11. Любіла кампанію Якуба Коласа, а ён ставіўся да яе таварыства стрымана

Уладзіслава Луцэвіч пісала: «...у пачатку 1912 году (...) прыехаў у Вільню Якуб Колас. Усе хацелі яго пабачыць. (...) Мы слухалі жывое слова паэта. Гэта сустрэча надоўга засталася ў нашай памяці». Якуб Колас, адпачываючы на курорце, жаліўся жонцы: «Купаліха злуецца на пагоду, на маркоту есентукскага жыцьця. Часамі яна мне расказвае аб падзеях свайго жыцьця, зьвязанага зь Вільняю. (...) У размовы не ўступаю (...). Пані Ўладзіслава (...) лечыцца ад нэрваў, а больш у яе ніякіх хвароб няма (...) Але чаму ж ёй не палячыцца. (...) Асталося мне тут яшчэ тры нядзелі. Чакаю іх, як збавеньня». Па ўспамінах Максіма Лужаніна: «Канстанцін Міхайлавіч размаўляе з удавою паэта, дырэктарам Купалаўскага музэя Ўладзіславай Францаўнай. Віцэ-прэзыдэнцкі кабінэт. (...): «Нешта абмінаеце мой дом, Купаліха...» — «Дый я вас ня бачу ў сябе, дзядзька Колас».

Уладзімір Дубоўка
Уладзімір Дубоўка

12. Пацьвельвала Ўладзімера Дубоўку, каб той пакрытыкаваў вершы Янкі Купалы

Дубоўка ўспамінаў: «Іван Дамінікавіч заўсёды даручаў мне пачытаць уголас свае новыя, ненадрукаваныя творы. (...) Уладзіслава Францаўна жартавала пры гэтым: «Слухайце, Уладзік! Чаму вы яго не пакрытыкуеце, каб яму пасьля ня спалася ноч усю?»

13. Янка Купала іранізаваў зь яе легендарнай шчодрасьці

Сябра сям’і Аляксандра Шкляева прыгадвала: "Зайшла гутарка пра шырокую натуру цёці Ўладзі, якая гатова заўсёды ўсім усё зрабіць, дапамагчы, і тут Янка Купала сказаў: «То праўда, Уладка вельмі шчодрая, толькі з маёй кішэні. Цёця Ўладзя (...) запярэчыла: «Памыляесься, Янка, не з тваёй кішэні, а з нашай».

14. Не хацела, каб у сталінскія часы ігралі камэдыю Купалы «Прымакі»

Паводле артыста Паўла Малчанава: «Яна прапанавала зусім адмовіцца ад пастаноўкі „Прымакоў“, каб часам гэта не зрабіла дрэннай паслугі Янку: „Ведаеце, Янка пісаў „Прымакі“, калі быў малады, ну любіў пажартаваць. А цяпер, можа, будзе няёмка... Не, ён сьмешны, вясёлы гэты жарт, але, можа, лепей ня трэба...“»

Павел Малчанаў
Павел Малчанаў

15. У яе быў сардэчны прыступ праз Бэндэ

Па ўспамінах Міколы Аўрамчыка: «Аднойчы на Купалаўскіх чытаньнях у перапоўненай актавай залі галоўнага корпуса пэдагагічнага інстытуту адбылося прыкрае здарэньне. Міхась Ларчанка выступаў з дакладам, а мы сядзелі ў прэзыдыюме, калі раптам адчыніліся найбліжэйшыя да сцэны дзьверы і ў залю ўвайшоў незнаёмы чалавек. „Бэндэ!..“ — спалохана прамовіла Ўладзіслава Францаўна, і ёй зрабілася кепска. У яе быў сардэчны прыступ. У зале абвясьцілі кароткі перапынак. Уладзіславу Францаўну павезьлі дадому...»

16. Не называла высокіх начальнікаў па імёнах — толькі «таварышамі»

Паводле Міколы Аўрамчыка: «Сваю безабароннасьць перад новым ладам яна, як бранявым шчытом, закрывала словам „таварыш“, зь якім звычайна зьвярталася да ўсіх, замест таго, каб называць іх па імю і імю па бацьку».

Пэрсанальны аўтамабіль Янкі Купалы «Шэўрале»
Пэрсанальны аўтамабіль Янкі Купалы «Шэўрале»

17. Адной з самых дарагіх памятак пра Янку Купалу лічыла ягоны «шэўрале»

Паводле Віктара Корбута і Аляксандра Стадуба, пасьля сьмерці паэта «машыну пакінулі за ўдавой песьняра. Калі яна вярнулася ў Менск і ўзначаліла музэй Купалы, то да 1950 году аўтамабіль дазваляла выкарыстоўваць як службовы транспарт усім супрацоўнікам мэмарыяльнага дому. А затым наказала захоўваць гэтую машыну, як самую дарагую рэч. Але ў музэі не знайшлося памяшканьня. „Шэўрале“ адправілі ў Вязынку, а з 1978 году аўто прапісалася ў Ляўках».

Музэй Янкі Купалы
Музэй Янкі Купалы

18. У сваім музэі любіла рабіць сама ўсю работу, нават мужчынскую

Паводле Івана Мележа: «Купаліха. (...) разьвязала пакунак з экспанатамі, узяла партрэт і сама палезла, тоўстая, непаседлівая, на табурэт — прыбіваць. „Паглядзіце, дзяўчаткі, ці добра так будзе? Ды дайце мне малаток“. Зьлезла. Не спадабалася, паднялася ў другі раз, перабіла». Сяргей Грахоўскі адзначаў, што і музэй фактычна будавала яна сама: «...Я не памыліўся і не перабольшыў, сказаўшы „будавала“. Так, будавала. Яна спрачалася з архітэктарамі і будаўнікамі, „выбівала“ патрэбныя матэрыялы... Яна была прарабам і суровым кантралёрам па якасьці і натхняла будаўнікоў як найлепш...»

Мікола Аўрамчык
Мікола Аўрамчык

19. Яе і Канстанцыю Буйлу ледзь не затаптаў калгасны бугай

Па ўспамінах Міколы Аўрамчыка: «Праз вуліцу, насупраць хаты, у якой нарадзіўся Янка Купала, тады быў калгасны двор, на якім утрымліваўся на прывязі магутны бугай. Аднойчы, калі мы праходзілі міма, ён, як ашалелы, сарваўся з ланцуга і кінуўся на нас. Калі б не трывалая агароджа, невядома, чым бы скончыўся наш шпацыр. «Гэта ты вінавата, — пажартавала Ўладзіслава Францаўна. — Мажная такая, ідзеш, ажно зямля дрыжыць пад нагамі!»

Ігнат Буйніцкі
Ігнат Буйніцкі

20. У юнацтве марыла стаць зоркай апэрэты

Марыла пра артыстычную кар’еру. Мела выдатны голас, цудоўна танцавала. Была адной з найлепшых танцорак і сьпявачак у тэатры Ігната Буйніцкага. Яе партнэрам быў Часлаў Родзевіч, зь якім, паводле чутак, у яе мог быць раман.


Літаратура:

  • Азгур Заір Ісакавіч. Незабыўнае. Мн., 1962
  • Выбраныя творы. Цётка. Мн., 2001
  • Колас Я. Збор твораў. У 20 т. Т. 18. Лісты (1908-1942). Мн., 2012
  • Колас Я. Збор твораў. У 20 т. Т. 19. Лісты (1943-1953). Мн., 2012
  • Купала і Колас, вы нас гадавалі. Кніга другая. 1939-2009. Мн., 2011
  • Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 9. Мн., 1984
  • Мікуліч Б. Аповесьць для сябе. Мн., 1993
  • Старжынская Натальля. Заснавальнік дашкольнай лінгвадыдактыкі ў Беларусі
  • Фаіна Ваданосава, вядучы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага
  • літаратурнага музэя Янкі Купалы. Няспыннае жыцьцёвае гарэньне
  • да 120-годдзя Ўладзіславы Луцэвіч. Роднае слова 2011/12
  • Янка Купала. «Мне сьняцца сны аб Беларусі...»: успаміны, эсэ, артыкулы, дакумэнты. Мн. 2012
  • http://www.sb.by/kultura/article/kvetka-lileya.html
  • http://www.sb.by/kultura/article/ryadom-s-klassikom.html
  • http://nn.by/?c=ar&i=95122
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG