Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Філёляг, заўзяты раварыст, патрыёт Беларусі. Хто такі арыштаваны журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык


Андрэй Кузьнечык
Андрэй Кузьнечык

Фрылансэра Радыё Свабода Андрэя Кузьнечыка затрымалі 25 лістапада. Пасьля зьмяшчэньня за краты яго двойчы асудзілі на 10 дзён арышту, аднак пасьля адбыцьця пакараньня Андрэя так і ня вызвалілі.

Нядаўна родным Кузьнечыка паведамілі, што на яго завялі крымінальную справу. У чым вінавацяць журналіста, невядома.

Свабода коратка расказвае, хто такі Андрэй Кузьнечык.

Андрэй Кузьнечык зь Віцебску, вучыўся ў Ліцэі БДУ. Скончыў філялягічны факультэт Белдзяржунівэрсытэту. Праз тыдзень яму будзе 43 гады.

Андрэй жанаты, мае дваіх дзяцей. Зьяўляецца журналістам-фрылансэрам Радыё Свабода. Да гэтага працаваў у «Нашай ніве» і выданьні «Комсомольская правда в Беларуси».

Андрэй Кузьнечык — заўзяты раварыст
Андрэй Кузьнечык — заўзяты раварыст

Андрэй Кузьнечык — заўзяты раварыст, аматар-валянтэр OpenStreetMap. З 2007 году вёў свой пазытыўны беларускамоўны блог, у якім прапагандаваў язду на ровары. У ім ён публікаваў сэрыю допісаў «Кароткі праваднік па менскіх веластаянках» і «Кароткі праваднік па менскіх веладарожках», даваў сваім чытачам розныя парады, прапаноўваў пісаць звароты мясцовым уладам.

Андрэй Кузьнечык сьцьвярджаў, што ровар — такі ж паўнавартасны від гарадзкога транспарту, як аўтобус, тралейбус ці аўтамабіль, і пры гэтым самы зручны.

Сябры Андрэя кажуць, што ён чалавек спагадлівы — шмат дапамагаў з працай сайту Менскага роварнага таварыства, перакладаў матэрыялы на беларускую мову, прычым рабіў гэта з уласнай ініцыятывы. Акрамя таго, калісьці Андрэй стварыў добрую падрабязную карту безбар’ерных роварных маршрутаў, а таксама сам пракладаў маршруты ў Google Maps.

Андрэй разам з жонкай Алесяй
Андрэй разам з жонкай Алесяй

Нягледзячы на масавы перасьлед незалежных журналістаў пасьля леташніх прэзыдэнцкіх выбараў, Андрэй прынцыпова не зьбіраўся пакідаць Беларусь.

Сваё рашэньне напярэдадні затрыманьня 25 лістапада ў паведамленьні сябру ён аргумэнтаваў так:

«Я з 13 гадоў жыву беларушчынай, паступіў на філфак дзеля яе, жыў і працаваў з арыентацыяй на яе. Цяпер мне за 40, але рэч ня ў тым, што позна пачынаць з нуля, рэч у тым, што я не хачу збочваць са сьцежкі працы на карысьць беларушчыны.

У цяперашніх умовах мне здаецца меншай пакутай адбыць у вязьніцы прыдуманы тэрмін, чым разьвітацца з радзімай на няпэўны (аж да скону) час (хоць тут я магу фатальна памыляцца ў тым, наколькі далёка могуць зайсьці рэпрэсіі).

Я лічу, што дзеці, узгадаваўшыся ў небеларускім асяродзьдзі, стануць носьбітамі каштоўнасьцяў гэтага асяродзьдзя, а Беларусь — адзінае месца на Зямлі, дзе гэтае асяродзьдзе мы маем, можам ствараць і разьлічваць на яго.

Я бачу, што перад суседнімі зь Беларусьсю краінамі стаяць выклікі, якія могуць запатрабаваць ня меншай ахвярнасьці, чым цяперашняя сытуацыя патрабуе ад беларусаў сёньня».

Месяц Андрэя трымаюць у ізалятары на Акрэсьціна. Нядаўна сваякам журналіста стала вядома, што на яго завялі крымінальную справу і неўзабаве плянуюць перавесьці ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага.

Аднак ні адвакаты Кузьнечыка, ні ягоныя родныя і калегі да сёньня ня ведаюць, у чым яго вінавацяць.

Віны ў адміністрацыйных правапарушэньнях, за якія яго каралі арыштам, фрылансэр Свабоды Андрэй Кузьнечык не прызнаў. Перадачаў для яго ня бралі.

22 сьнежня Беларуская асацыяцыя журналістаў запатрабавала ад уладаў органаў неадкладна даць інфармацыю пра тое, дзе і ў сувязі зь якой справай утрымліваюць журналіста.

Перасьлед Андрэя Кузьнечыка

  • Андрэй Кузьнечык — журналіст, які супрацоўнічае з Радыё Свабода, фрылансэр.
  • Андрэя Кузьнечыка затрымалі 25 лістапада, на наступны дзень яго асудзілі на 10 сутак, аднак 5 сьнежня ён на волю не выйшаў, зноў атрымаўшы 10 сутак. Але і 15 сьнежня яго ня вызвалілі і зноў прысудзілі 10 дзён арышту.
  • Віны паводле адміністрацыйных артыкулаў фрылансэр Радыё Свабода не прызнаў, перадач для яго не прынялі.
  • 22 сьнежня Беларуская асацыяцыя журналістаў запатрабавала ад уладаў органаў неадкладна даць інфармацыю пра тое, дзе і ў сувязі зь якой справай утрымліваюць журналіста.
  • Прэзыдэнт Радыё Свабода Джэймі Флай заявіў, што ўлады Беларусі працягваюць утрымліваць журналіста, па сутнасьці, як выкрадзенага закладніка. Ён запатрабаваў вызваліць Андрэя і спыніць перасьлед беларускіх журналістаў.
  • 23 сьнежня сваякам Андрэя паведамілі, што на яго завялі крымінальную справу, але не назвалі артыкулу КК. Кузьнечыка перавялі ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.
  • У чэрвені 2022 году Магілёўскі абласны суд прызнаў яго стваральнікам «экстрэмісцкага фармаваньня» (арт. 361-1 КК) і прысудзіў 6 гадоў турмы. Суд доўжыўся 3 гадзіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG