«Мы атрымалі інфармацыю, што Лукашэнка даў распараджэньне „ачысьціць склады і Менск“ ад нелегальных мігрантаў. Гэта выразны сыгнал, што найбліжэйшым часам будуць тыя ці іншыя спробы выштурхнуць нелегальных мігрантаў у Літву, Польшчу або суседнюю Латвію», — сказала Білатайце на прэс- канферэнцыі. Яе цытуе delfi.lt.
Паводле міністаркі, апошнім часам выклікае занепакоенасьць і характар уварваньняў каля польскай мяжы — нелегальныя мігранты падрыхтаваныя беларускімі органамі.
«Хоць апошнім часам было некалькі дзён, калі мы не фіксавалі ніводнага нелегальнага мігранта, які спрабуе перасекчы мяжу Літвы, расслабляцца мы ня можам, таму што бачым пэўныя тэндэнцыі, перш за ўсё — спробы прарыву польскай мяжы», — сказала міністарка. «Чым яны адрозьніваюцца ад арганізаваных раней акцый — тым, што гэта добра натрэнаваныя нелегальныя мігранты, гэта робяць супрацоўнікі беларускіх органаў, і гэтыя акцыі арганізуюцца з дапамогай Беларусі», — адзначыла Білатайце.
У гэтым годзе ў Літву незаконна трапіла амаль 4,2 тысячы мігрантаў, асноўная іх частка перасекла мяжу да жніўня. Вільня абвінавачвае менскі рэжым у арганізацыі плыняў мігрантаў і называе гэта гібрыднай агрэсіяй.