Падзеі 20 сьнежня ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі.
Год таму
- У Менску і іншых гарадах Беларусі прайшлі дваровыя шэсьці ў рамках чарговай штонядзельнай акцыі пратэсту — «Маршу народнага трыбуналу».
- «Міс Беларусь» выйшла на волю пасьля 42 дзён адміністрацыйнага арышту.
- Апублікавалі новыя матэрыялы з доказамі фальсыфікацыі выбараў.
Дата дня
20 сьнежня 1937 году ў Менску органы НКВД расстралялі гісторыка Васіля Дружчыца і мовазнаўцу Сьцяпана Некрашэвіча.
Таксама ў гэты дзень
1569 — вялікі князь Жыгімонт Аўгуст надаў Суражу гарадзкі герб.
1812 – падчас вайны з войскам Напалеона расейская армія заняла Горадню.
1879 — Томас Эдысан правёў дэманстрацыю працы лямпы напальваньня.
1924 — у Латвіі ўтварылася культурна-асьветнае таварыства «Беларуская хата».
1927 — упершыню ў гісторыі прысвоенае званьне народнага артыста Беларусі. Атрымаў яго драматург, актор і рэжысэр Уладзіслаў Галубок. У 1937-м Галубок быў закатаваны ў засьценках НКВД.
У гэты дзень нарадзіліся
1840 — Казімер Альхімовіч, мастак, удзельнік паўстаньня Каліноўскага.
1860 — філёляг і этнограф, акадэмік Яўхім Карскі.
1890 — гісторык Язэп Ядкоўскі, які стварыў Гарадзенскі гісторыка-археалягічны музэй.
1910 — Вітаўт Тумаш, лекар, скарыназнаўца, беларускі дзяяч міжваеннай пары ў Вільні і дыяспары ў ЗША.
Няпроста назваць нейкую іншую вучэльню, якая дала б Беларусі — дый сьвету! — столькі выбітных асобаў, як Віленская беларуская гімназія. (Жахлівай недарэчнасьцю выглядае тое, што мы дагэтуль ня маем прысьвечанай ёй кнігі.)
Там, у старадаўніх Базыльянскіх мурах, пачынаў свой шлях да навукі й вядомасьці і Вітаўт Тумаш, які потым студыяваў мэдыцыну ў Віленскім унівэрсытэце. «З прафэсіі ён быў лекарам і адначасна, з натуры, гуманістам», — напісала пра яго ў успамінах дзяячка нашай эміграцыі Раіса Жук-Грышкевіч, якая студэнткай спаткалася з Тумашам на экскурсіі ў Віленскім беларускім музэі імя Івана Луцкевіча.
Спадарыня Раіса сьцьвярджае, што празь Вітаўтавы рукі прайшлі ўсе заходнебеларускія паэтычныя зборнікі Максіма Танка. «Танк мае здольнасьці, а я — веды», — казаў Тумаш. Ён жа адрэдагаваў і першую, праскую, кнігу «Ад родных ніў» Ларысы Геніюш.
Беларуская энцыкляпэдыя паведамляе, што некалькі месяцаў у 1941-м ён быў бурмістрам Менску. Раіса Жук-Грышкевіч згадвае, што ў чэрвені таго году доктара Тумаша, які тады быў у Бэрліне, арыштавалі й прывезьлі ў Менск з катэгарычным, пад пагрозаю зьняволеньня, загадам стварыць адміністрацыю гораду і не дапусьціць там эпідэміяў.
Праз чатыры месяцы ён здолеў адмовіцца ад пасады і зьехаць.
На эміграцыі Тумаш стаў адным з стваральнікаў і кіраўнікоў Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва ў Нью-Ёрку, рэдагаваў ягонае выданьне «Запісы» й газэту «Беларус».
Усясьветную славу сярод беларусазнаўцаў прынесьлі Вітаўту Тумашу дасьледаваньні жыцьця й дзейнасьці Францішка Скарыны. Аднак у БССР ягоныя бліскучыя, часам сэнсацыйныя працы (яны
друкаваліся пад псэўданімам Сымон Брага) дзесяцігодзьдзямі вывучалі пераважна скарыназнаўцы з Камітэту дзяржбясьпекі.
Нават уляўраныя служкі Кліё толькі рызыкоўнымі неафіцыйнымі шляхамі маглі атрымаць такія найцікавейшыя Тумашавы публікацыі, як «Скарына ў Падуі» або «Кнігі Скарыны на захадзе Эўропы ў пару ягоную і сяньня».
Вянцом саракагадовай працы стаўся выдадзены ў ЗША найгрунтоўнейшы даведнік «Пяць стагодзьдзяў Скарыніяны. ХVІ—ХХ», што налічвае больш за 2500 пазыцыяў і ёсьць найкаштоўнейшым дапаможнікам для айчынных скарыназнаўцаў.
Прэзэнтацыя кнігі адбывалася ў Нью-Ёрку, калі аўтар ужо змог атрымаць віншаваньні зь Беларусі. Пэўны час у паветры насілася так і нязьдзейсьненая ідэя наданьня Тумашу годнасьці доктара honoris causa Полацкага ўнівэрсытэту.
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 450–451.
У памяці
1968 — памёр Джон Стэйнбэк, амэрыканскі пісьменьнік.
2001 — памёр Леапольд Сэдар Сэнгор, першы прэзыдэнт Сэнэгалу.