Раней кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Ігар Сергеенка абяцаў, што праект абноўленай Канстытуцыі прэзэнтуюць у першай палове сьнежня. Гэта ж пацьвярджалі чальцы канстытуцыйнай камісіі, дый сам Аляксандар Лукашэнка казаў, што «вось-вось».
Дык калі ўсё ж беларусы змогуць азнаёміцца з таемным дакумэнтам?
«Чакаем літаральна з дня на дзень. З чым зьвязаная затрымка? З тым, што Канстытуцыя ня пішацца на каленцы. І ў тым ліку праект. Лепей лішні раз выверыць, каб потым было меней заўваг. Унутры камісіі дыскусійных пытаньняў наконт зьместу не засталося, толькі пытаньні стылістычнага характару», — расказаў «Нашай Ніве» адзін з чальцоў канстытуцыйнай камісіі Юры Васкрасенскі.
На просьбу журналістаў удакладніць новую дату публікацыі Васкрасенскі выказаў меркаваньне, што «дакладна да канца году».
«Гэта адбудзецца ў сьнежні. Хутчэй за ўсё, на наступным тыдні, да Раства. Тым, каму канстытуцыйны працэс цікавы, хопіць часу, каб цягам месяца даслаць свае прапановы, заўвагі. Зацікаўленым людзям усё роўна, калі праект будзе апублікаваны — пад Новы год ці на Вялікдзень. Яны так ці інакш будуць удзельнічаць у абмеркаваньні», — падсумаваў праўладны палітоляг.
Дагэтуль няма ня толькі праекту новай Канстытуцыі, не названая і дакладная дата «плебісцыту». Адзінае, што вядома, — упершыню за чвэрць стагодзьдзя кіраваць Цэнтравыбаркамам і падлічваць галасы будзе ня Лідзія Ярмошына, а нядаўні міністар адукацыі Ігар Карпенка.